І з каўбасой праблем не будзе…

Рабочая нарада на ўзроўні кіраўніка раёна У.П. Даніленкі прайшла ў мінулую суботу. На ёй прысутнічалі кіраўнікі суб’ектаў гаспадарання раёна, старшыні сельвыканкамаў, спецыялісты райсельгасхарчу.

Напачатку кіраўнік раёна распавёў пра bigсітуацыю, якая склалася з уборкай агародніны на палетках сельгаскааператываў. І хаця работы па ўборцы яе ў большасці сваёй механізаваны, але ж і дапамога гараджан пры гэтым не выключаецца. Бо па прагнозах сіноптыкаў, спрыяльнае надвор’е, якое ўсталявалася ў апошнія дні, носіць часовы характар. Прыспешыць з уборкай – значыць не пакінуць у полі тыя ж караняплоды і цыбулю. За кожным сельгаскааператывам былі замацаваны працоўныя калектывы  гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый на прадмет аказання дапамогі.

Другая частка нарады прысвячалася аграпрамысловаму комплексу. Дакладней, упушчэнням, якія там адзначаюцца на дадзеным перыядзе ў жывёлагадоўчай галіне. У прыватнасці, з вытворчасцю мяса. Многія звярнулі ўвагу, што некаторы час каўбасныя паліцы магазінаў не толькі не радавалі выбарам, але  наогул былі пустымі.

Чаму склалася такая сітуацыя – вось той лейтматыў, які быў пакладзены ў аснову разгляду сітуацыі. А ларчык, як кажуць, адчыняецца проста. Некаторыя старшыні СВК элементарна, лічы, спынілі пастаўку мяса на мясакамбінаты і пайшлі шляхам продажу яго насельніцтву. Менавіта такія вывады прагучалі з інфармацыі намесніка старшыні райвыканкама па эканоміцы Н.П. Брылёвай. Напрыклад, УКСП “Прысожжа” з 5 тон мяса толькі адну тону здаў на мясакамбінат, СВК “Зімніца” — з 8 тон толькі 3 тоны паступіла на мясакамбінат, СВК “Наша Радзіма” з 13 тон 8  “пайшло” насельніцтву. І гэта ў той час, калі заданне па рэалізацыі прадукцыі на мясакамбінат даводзілася ў межах 80%. Кіраўнік раёна запатрабаваў ад старшынь СВК, дзе мелі месца такія факты, тлумачальныя і папярэдзіў, што па верасню да тых, хто праігнаруе вызначаны працэнт пастаўкі мяса на мясакамбінат, будуць прыменены меры адміністратыўнага ўздзеяння. Ішла размова і пра работу магазіна ад свінакомплекса. Мяса там павінна  прадавацца толькі ў разрубе і ніяк не тушамі.

Не павінна быць чэргаў за мясам пры наяўнасці такога комплекса ў раёне – такім вердыктам закончылася “мясная” і “каўбасная” тэмы.

Далей аграрыі разгледзелі малочныя справы. Хаця сітуацыя па малаку за два апошнія месяцы стабілізавалася, 3 гаспадаркі на дзень нарады мелі валоўку ніжэй 100% да адпаведнага перыяда мінулага года. Толькі 35 працэнтаў малака прадае раён гатункам “экстра”, у той час як сітуацыя з кармамі дыктуе мець не менш 80 працэнтаў. Вялася размова і пра палявыя работы. Уборка бульбы і караняплодаў, саломы з палёў, сяўба азімых збожжавых і г.д. – гэтыя пытанні таксама былі разгледжаны на нарадзе. Кіраўнік раёна запатрабаваў шпаркага кроку ў вырашэнні акрэсленых на нарадзе  захадаў. Праз тыдзень чарговае падвядзенне вынікаў.

В. УЛАДЗІМІРАВА

Добавить комментарий