Папрацуеш як след, дык і заробіш…

drУчора ў УКСП «Прысожжа» заканчвалі з уборкай кармавых караняплодаў. Сёлета, як зазначыў дырэктар прадпрыемства Л. В. Ануфрыеў, на ўборку не прыцягвалі гараджан. У тым не было  неабходнасці, бо ўвесь уборачны працэс быў  наладжаны з дапамогай райсельгастэхнікі. Два гады таму  там набылі так званую прыстаўку для копкі буракоў ВМ-6 «Палессе», якая мацуецца да трактара. Працэс падобны як з бульбакапалкай, пасля якой трэба падбіраць бульбу. Так і з буракамі. На дакопках люба-дорага было глядзець, як без чалавека ўбіраюцца буракі. Прыстаўкай накапваюць іх, следам «ідзе» падборшчык ППК-6, які адначасова грузіць караняплоды ў цялежку трактара, які ідзе побач. Вось і ўвесь працэс, а наколькі выслабаняе чалавека. Сіламі тэхнікі і механізатараў райсельгастэхнікі 15 гектараў караняплодаў былі ўбраны ў «Прысожжы». Як зазначыў  дырэктар прадпрыемства, механізаваны працэс уборкі зняў многія праблемы, дазволіў збалансаваць кармавы рацыён жывёлы.

Нельга не сказаць і пра механізатараў, якія былі заняты на ўборцы. З прыстаўкай па копцы буракоў працаваў Міхаіл Міхайлавіч Дварэцкі, які ўжо 4 гады робіць у райсельгастэхніцы. Бачна, што чалавек ён працавіты і на ўсё мае свой погляд. На пытанне адносна заробка адказаў адназначна: «Папрацуеш як след, дык  і заробіш».

Ягоны калега Аляксандр Іларыёнавіч Пасяленцаў працуе на падборшчыку. Стаж працы 40 год на адным месцы – у райсельгастэхніцы. Як зазначыў  дырэктар райсельгастэхнікі А. М. Мельнікаў, ягоныя  кадры – сапраўдныя прафесіяналы і гонар  калектыва.

На адвозцы буракоў былі задзейнічаны механізатары УКСП «Прысожжа». На момант нашай размовы, якая закончылася фотаздымкамі, на адвозцы быў задзейнічаны Віктар Уладзіміравіч Шкутаў. Па ўзросту ён, як кажуць, у самым  росквіце сіл, таму яму яшчэ прадстаіць не аднойчы даказваць сваёй працай, што ён стаў механізатарам не выпадкова і выбраў справу  па душы.

Як зазначылі механізатары райсельгастэхнікі, заўтра яны накіроўваюцца на ўборку караняплодаў у СВК «Прывольны». Уборачная кампанія працягваецца…

В. ПРОНІНА

Добавить комментарий