“Музыка нас звязала…”

Заўсёды, калі бываеш на чарговым канцэрце ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, атрымоўваеш асалоду ад выступленняў самадзейных артыстаў. Апладысменты, і пры тым працяглыя, атрымоўвае і дзіцячы ансамбль “Дыямант”. І зрэдку пры гэтым успimagesамінаюць пра ягонага кіраўніка. Бо нам больш даспадобы вынік, а не тая праца, якая папярэднічае кожнаму выступленню. Думаю, вялікім адкрыццём для многіх не будзе, хто займаецца з дзяўчынкамі з “Дыяманта”.

Вядомая справа, Галіна Васільеўна КУПРЫЯНЦАВА, з імем якой звязаны многія творчыя дасягненні раённага цэнтра культуры, які яна ўжо на працягу 7 год вядзе па творчай ніве. А здабыткі народнага ансамбля “Крыніца” чаго вартыя! Яна таксама ім кіруе больш за 10 год, ператвараючы кожнае ягонае выступленне ў сапраўдны спектакль.

З чаго ўсё пачыналася? Як успамінае Галіна Васільеўна, усё пачыналася з яе сям’і, дзе песня была галоўнай дзеючай асобай усіх хатніх мерапрыемстваў. Спявалі ўсе. А затым жаданне спяваць вылілася ў жаданне падмацаваць яго майстэрства вучобай у Магілёўскім музвучылішчы імя Рымскага-Корсакава. Задумана – зроблена. І ўжо 18 год прайшло пасля яго заканчэння. Па заканчэнні ўладкавалася ў музшколу. Працавала з вялікім жаданнем, але адчула, што хочацца большай масавасці ў выхаванцах. У выніку тагачасны Дом піянераў і школьнікаў на нейкі час стаў яе месцам не столькі працы, колькі запальвання на песеннае мастацтва сваіх выхаванцаў. Здаецца, працавала б і да сённяшняга дня, бо займалася справай па душы. Але ж, як кажуць, нам недадзена прадбачыць. Так склалася, што пасада дырэктара раённага цэнтра культуры і народнай творчасці стала вакантнай. А на той час Галіна Васільеўна са сваімі выхаванцамі заявіла пра сябе на розных абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Таму іншай кандыдатуры як менавіта кандыдатура Галіны Васільеўны кіраўніцтва раёна не бачыла. Сёння яна спявае сама. І слухаць кожнае выступленне гэтага прафесіянала заўсёды прыемна. Яна займаецца з падлеткамі, кіруе народным калектывам, выхоўвае разам з мужам траіх дзяцей. Старэйшы сын Уладзімір — студэнт, дачка Насця – вучаніца 10 класа, сын Ілля, якому няма і трох год, — яе апора і надзея. Насця  спявае самастойна і з’яўляецца адной з салістак “Дыяманта”, выходзіць на сцэну і самы малодшы – у вобразе анёльчыка выступаў на канцэрце “Запалім іскрынку надзеі разам”. Вось такі сямейны склад, дзе і супруг Вячаслаў Уладзіміравіч  не рэдкі выступоўца на раённай сцэне.

—Як на ўсё хапае сіл, Галіна Васільеўна?

—Ведаеце, я іншым разам і сама не разумею, як на ўсё хапае сіл. Відаць, усё ад таго, што па іншаму я не змагла б і жыць. Музыка вядзе мяне па жыцці, а я толькі прымаю яе рытм. І ў сваіх выхаванцаў сёння імкнуся сфарміраваць гэткую ж любоў. Наколькі ўдаецца – меркаваць не мне, а хутчэй гледачам, якія прыходзяць на нашы канцэрты.

Яшчэ з адной творцай пазнаёмім нашых чытачоў. Знаёмцеся: Ірына Аляксандраўна ЦЕПЛЯКОВА, настаўнік па класу скрыпка Дзіцячай школы мастацтваў. Амаль 30 год яна перадае свае веды выхаванцам. Іх сёння ў Ірыны Аляксандраўны 13. Кожны са сваім норавам і жаданнем працаваць. Менавіта працаваць, бо патрэбна мець ідэальны слых, каб навучыцца іграць на гэтым інструменце. І як зазначае настаўніца, рабяты на пачатку вучобы, калі фальшывяць па поўнай праграме, па заканчэнні навучальнага года радуюць сваімі поспехамі. Значыць, не дарэмнымі былі намаганні і настаўніцы.

Ірына Аляксандраўна родам з Быхава, але лёс распарадзіўся такім чынам, што пасля заканчэння  Магілёўскага музвучылішча яна апынулася на Слаўгарадчыне. Тут жа стварыла сям’ю, сёння ўжо  і статус бабулі мае. Як зазначае, жыццё праляцела неўпрыкмет. І ад таго хочацца кожнаму дню надаваць большай значымасці, бо заўтра ён ужо не паўторыцца.

Сваіх выхаванцаў, асабліва ў апошнія гады, набірае без праблем. У гэтым дапамагаюць канцэрты ў дашкольных і школьных установах, а таксама Тыдні адкрытых дзвярэй, справаздачныя канцэрты навучэнцаў Дзіцячай школы мастацтваў, дзе прадстаўлены розныя музычныя інструменты. Падчас іх і адбываецца свайго роду музарыентацыя.

Ірына Аляксандраўна актыўная ўдзельніца ансамбля “Пярэсвіцы”, які функцыянуе пры раённым цэнтры культуры і гучанне якога заўсёды асацыіруецца з высокім мастацтвам.

Кожны дзень яе жыцця звязаны з музыкай, з працэсам перадачы яе сутнасці сваім выхаванцам, а значыць, Ірыне Аляксандраўне дадзена бачыць свет праз прызму музыкі і яе ўплыву на чалавека. Гэтаму можна пазайздросціць, бо не многія на гэта маюць здольнасці.

Што датычыцца працоўных здабыткаў, то яны ў чарговы раз будуць адзначаны Ганаровай граматай на ўзроўні абласнога ўпраўлення культуры.

Віншуем, Ірына Аляксандраўна. Поспехаў і надалей не менш значымых!

В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий