«У кожную работу ўкладваю душу…»

imagesІншым разам даводзіцца чуць: сумна жыць, нечым заняцца, каб напоўніць дзень сэнсам. На гэты конт хачу расказаць пра жанчыну, якая і хацела б марна правесці дзень, але ж нейкая сіла не дазваляе гэта рабіць, бо ў галаве  ўзнікаюць розныя думкі, а рукі смела бяруцца іх увасабляць.

Якім чынам даведалася пра такую жанчыну? Ніякага сакрэту.Проста аднойчы давялося ўбачыць незвычайны кошык, які прыцягнуў увагу. Ён быў  выкананы так адмыслова, што пазайздросціла С.М. Дзенісенка, старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, рабочы кабінет якой упрыгожваў гэты выраб. У шмат разоў больш была здзіўлена, калі даведалася пра “будаўнічы матэрыял” кошыка. Аказалася, што гэта – газетная папера! Не з лазы, як звычайна бывае, а менавіта з газетнай паперы. Вось так і выйшла на аўтара, не пабаюся піетэта ва ўжыванні пры гэтым, такой незвычайнай работы.

Не хацелася адкладваць знаёмства, тым больш што аграгарадок Папоўка непадалёк. А там працуе загадчыцай дзіцячага садка Галіна Міхайлаўна САМАДЗЕЛАВА, яна і з’яўляецца аўтарам таго кошыка. Але ж не толькі яго. Дзіцячы садок – гэта заўсёды сустрэча з дзяцінствам. Прыемным было, што  на маё прывітанне на роднай мове адказ прагучаў гэтаксама на мове продкаў. Галіна Міхайлаўна ўсяляк схіляла размову пра выхаванцаў, якіх тут 34, і выхавацеляў, пра поспехі, якіх яны дасягаюць. Але ж хацелася больш пра яе саму даведацца, пра тэхналогію вырабаў. А іх толькі ў садку лічы на кожным кроку. У хатцы сялянскага побыту, якая арганізавана ў садку, уся аздоба аформлена вырабамі з паперы. Тут табе і вазы, і вожыкі, і кошыкі, і г.д. І ўсё так ўдала ўпісваецца ў інтэр’ер, так дапасоўвае адзін да аднаго, што міжволі прыходзілася здзіўляцца і дызайнерскім здольнасцям  Галіны Міхайлаўны.

А выхавацелі ў адзін голас даводзілі: “Наша Міхайлаўна – сапраўдны творца, які запальвае нас на розныя творчыя задумкі. І калі надарыцца вольная хвіліна, нарыхтоўваем “будматэрыял”. А гэта, як зазначае майстрыца, самы складаны момант у пляценні, бо трэба скруціць газету ў адзіны жгут, з якога і пляцецца задуманы выраб.

Многае з калекцыі Г.М. Самадзелавай дэманструецца на раённых выставах, калі сфера адукацыі прымае ўдзел у іх арганізацыі. І хаця заўсёды цікаўлюся экспанатамі выстаў, на жаль, не звярнула ўвагу пры гэтым на работы з паперы. А сціпласць удзельнікаў выстаў, і ў прыватнасці Г.М. Самадзелавай, не дазволіла паўплываць на наша ранейшае знаёмства.

Галіна Міхайлаўна ўжо 15 год працуе ў гэтым садку загадчыцай, а пражывае ў Слаўгарадзе. Два гады таму закончыла Магілёўскі педуніверсітэт па спецыяльнасці.

На пытанне: калі “загарэлася” на пляценне з паперы, Галіна Міхайлаўна распавяла наступнае:

— Вязаннем і вышываннем так захапілася, што ўжо ў нейкай ступені злавіла сябе на думцы: хочацца нечага іншага. “Залезла” у Інтэрнет і там убачыла тэхналогію пляцення з паперы. А калі задумала паспрабаваць, то пераканалася, што вялікіх складанасцей няма. Галоўнае – вельмі захацець.  Вось так і пайшоў працэс. Сёння ён набыў ужо некаторую маштабнасць. Як бачыце, і ў гэтым накірунку творчага праяўлення надыходзіць момант, калі мая душа скіруецца да чагось нязведанага маёй рукой і, вядомая справа, сэрцам.

У Галіны Міхайлаўна і яе супруга  свой падворак у Слаўгарадзе, дзе таксама шмат дзівосаў, вырабленых іхнімі рукамі. Праўда, ініцыятыва заўсёды зыходзіць ад Галіны Міхайлаўны. Іхнія сыны, адзін з якіх – студэнт каледжа, а другі – вучань 7 класа, выхоўваліся ў атмасферы творчасці матулі і бацькавай прагі да прыроды, звязанай з лоўляй рыбы. Дзеці, па словах Галіны Міхайлаўны, як і супруг, заўсёды дапамогуць, калі  ў яе з’явілася задумка па афармленню падворка.

— Увогуле, калі б была мая воля, то кветкі раслі б паўсюль, дзе жыве чалавек. Бо кветкі – гэта радасць і настрой, якія заўсёды пазітыўна ўплываюць на чалавека. У кожную сваю работу я заўсёды ўкладваю душу. Адтаго і вынік.

Тэрыторыя дзіцячага садка якраз пацвярджае гэтае, бо вызначаецца сваёй дагледжанасцю. А сваіх выхаванцаў Галіна Міхайлаўна вучыць бачыць прыгожае ў гуртку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які працуе ад раённага Дома дзіцячай творчасці. Значыць, ёсць надзея, што ўрокі, атрыманыя рабятамі, з цягам часу прынясуць свой плён – у кветніках ля іхніх дамоў, увогуле ў добрых справах, на якія накіроўвае іх чалавек з пачуццём высокай гармоніі ва ўсіх сваіх справах.

В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий