70 год таму: пайшлі нібыта на працу…

У мінулую нядзелю надвор’е стаяла пахмурнае, дый і пранізлівы вецер даймаў, як кажуць, да самых костак. Але ж гэта не паўплывала на масавасць мерапрыемства, якое ладзілася на molitva vdovyвуліцы Ракасоўскага, а дакладней ля помніка, дзе пахаваны расстраляныя яўрэі. Дакладная колькасць не ўстаноўлена, дзесь больш за 100 чалавек, але той факт, што сярод расстраляных было і шмат дзяцей, яскрава паказвае «твар» фашызма са сваімі здзекамі над мірным насельніцтвам.

Прайшло з таго часу 70 год, памяць пра расстралянае мірнае насельніцтва яўрэйскай нацыянальнасці ўвекавечана ў помніку, да якога ўскладаюцца кветкі ў дні жалобы па ахвярах вайны. Мітынг-рэквіем з выпадку трагічнай даты адкрыла намеснік старшыні райвыканкама С.А. Езерская. У яе выступленні прагучала, што яўрэйскага насельніцтва за гады вайны было знішчана 6 мільёнаў чалавек, што складала па тым часе 60% усяго насельніцтва гэтай нацыянальнасці, якая пражывала ў Еўропе.

Хвіліна маўчання па ўсіх ахвярах Вялікай Айчыннай вылілася ў агульны пратэст супраць вайны, жадання аднаго чалавека са свастыкай на рукаве зняволіць увесь свет, дыктуючы сваю волю.

Перад сабраўшыміся выступілі Svecha i rukiпрадстаўнікі яўрэйскай нацыянальнасці, якія прыехалі ў той дзень у наш горад, каб падзякаваць за адносіны да памяці людзей іншай нацыянальнасці, але такой блізкай па духу, што дазваляла ў даваенныя гады беларусу і яўрэю жыць у Прапойску аднымі мэтамі і агульнымі жыццёвымі клопатамі.

Краналі да глыбіні выступленні: старшыні фонда “Бітахон” г. Магілёва равіна Райхіхштэйна; старшыні яўрэйскай абшчыны г. Быхава С.П. Двоскіна; слаўгарадчанкі Б.І. Байвер, старшыні савета ветэранаў педпрацы; ураджэнкі Слаўгарада Г.Р. Цыпорынай; вучняў другой гарадской школы, якія ў вершаванай форме перадалі пакуты яўрэяў у гады вайны. Кожны з прамоўцаў старэйшага пакалення зведаў на сабе прыгнёт і зневажанне па нацыянальнай прыкмеце. І тое, што яўрэям загадалі немцы нашыць на вопратку жоўтыя кругі, азначала, што над жыццём іх навісла смяротная пагроза. І толькі не  ведалі яны, у які дзень пагроза тая набудзе праяўленне.

Трагічным стаў дзень 25 кастрычніка 1941 года, калі немцы загадалі яўрэям, якія не з’ехалі ў эвакуацыю, пастроіцца і накіравалі іх нібыта на працу. Але, як ведаем, гэта была расправа нелюдзяў над мірным насельніцтвам.

Сведкі тых часоў, якія прысутнічалі на мітынгу, расказвалі, які страшэнны дзіцячы плач стаяў над горадам, як было жудасна ад таго, што тваіх знаёмых расстрэльвалі ў затылкі і ты нічога не мог зрабіць, каб спыніць гэты генацыд.

Сёння на тым месцы ўстаноўлена мемарыяльная дошка. На ёй імёны людзей, якія былі расстрэлены ў той дзень. І вельмі цяжка было глядзець, як родныя дакраналіся да гэтай дошкі, нібыта да цела сваіх блізкіх.

Памяць… Гэтае ёмістае паняцце напоўнена сэнсам ісцінай міласэрнасці. Менавіта даглядаючы помнікі і абеліскі, пахаванні родных і блізкіх, мы напаўняемся гэтай міласэрнасцю. Ад гэтага толькі сілкуемся на пачуццё веры ў справядлівасць і права кожнага на жыццё. Ніхто не мае права пазбаўляць чалавека жыцця, бо гэта супярэчыць Боскім запаветам і  за гэта прыйдзецца адказаць, калі не на судзе чалавечым, то на Боскім абавязкова.

Мітынг закончыўся гучаннем Дзяржаўнага гімна Беларусі, якая згубіла кожнага трэцяга свайго жыхара ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І якая заўсёды жыла і будзе жыць інтэрнацыянальнай сям’ёй, не дыскрымінуючы чалавека па нацыянальнай прыкмеце.

В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий