…і добрае слова на развітанне

...і добрае слова на развітаннеУ мінулы чацвер жыхары Есяновіцы як звычайна займаліся хатнімі справамі, калі да іх завіталі ўдзельнікі інфармацыйна-сацыяльнага “цягніка” “Забота”. Справы адразу адышлі на другі план, бо гэтую сустрэчу вяскоўцы даўно з нецярпеннем чакалі. Па іх словах, праз раёнку яны кожны раз адсочваюць маршруты “цягніка”, спадзяючыся, што хутка ён “прыпыніцца” і ў іхняй вёсачцы. Так і атрымалася. Нягледзячы на тое, што ў Есяновіцы засталося ўсяго тры двары, “цягнік” даставіў гасцей у поўным складзе, з тым каб не абмінуць увагай і клопатам кожнага.

З прывітальным словам да людзей шаноўнага ўзроста звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама А.М. Шаўцова. Дарэчы сустрэча праходзіла напярэдадні Дня маці, таму Алена Міхайлаўна пачала з прыемнага – з цеплынёй, павагай і ўдзячнасцю даслала жанчынам словы шчырых віншаванняў. Працягам стала размова за жыццё, якая пакрысе ўскрывала і праблемы, якія клапоцяць вяскоўцаў. Іх яны адрасавалі спецыялісту сферы сацабслугоўвання насельніцтва, прадстаўніку праваахоўчых органаў. Дарэчы тут прысутнічаў медработнік  райбальніцы, якая змерыла пажылым людзям артэрыяльны ціск, дала парады і кансультацыі.

Акрамя таго, асаблівая ўвага вяскоўцаў была скіравана і на захаванне здароўя лёгкіх. У пятніцу адзначаўся Дзень лёгачнага здароўя, і ў раёне “Чырвоны Крыж” праводзіў акцыю “Узнай всё о туберкулёзе”. У рамках акцыі валанцёр дабрачыннай арганізацыі, у мэтах прафілактыкі туберкулёза, раздала прысутным тэматычныя буклеты, лістоўкі. Як сімвал здароўя вяскоўцы атрымалі і белыя паветраныя шары.

А калі за справу ўзяліся самадзейныя артысты аўтаклуба РЦК і НТ, вяскоўцы не хавалі шчырых ўсмешак і сустракалі гасцей апладысментамі. Песні былі з разраду мілых сэрцу, вярэдзілі ўспаміны і надавалі пазітыву, адтаго сустрэча набыла атмасферу цеплыні і весялосці.

Праводзілі гасцей добрым словам і, думаю, іх было яшчэ шмат, калі апасля за сталом вяскоўцы частаваліся салодкім сюрпрызам, што прывезлі для іх госці.

Тэкст С. БЯЛЯЕВАЙ.

Добавить комментарий