“Мама – слова вечнае”

People Children Mother and daughter   ChildrenКолькі б добрых слоў  ні гучала ў адрас матулі з нагоды святочных дзён, ніколі кампенсаваць нельга ўсе мацярынскія захады дзеля сваіх дзяцей. Маці заўсёды аддае сваім дзецям усё, менш за ўсё разлічваючы на нейкія дывідэнды. Бо яна гэта робіць на ўзроўні інстынкта, гатовая на любыя самаахвяраванні. Гэтага не дадзена зразумець дзецям, бо толькі стаўшы матуляй, разумееш той “сакрэт” мацярынства, які дадзена адчуць толькі жанчыне-маці.

Жанчыны, якія прысутнічалі ў мінулы чацвер у раённым цэнтры культуры з нагоды Дня маці, якраз і былі аб’яднаны гэтым статусам. Вядомая справа, у раёне такіх многа, а на свята Маці запрасілі толькі некалькіх з іх. І прынцып прысутнасці на свяце быў такім: жыццё гэтай жанчыны вартае таго, каб пра яго расказаць і падзякаваць, так бы мовіць, прылюдна.

Арганізатары – упраўленне па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама, раённы цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва, аддзел культуры, аддзел ідэалагічнай работы райвыканкама – гэтае свята наладзілі ў нетрадыцыйным фармаце. Вядучая Марына Жураўлёва запрасіла прысутных “пачытаць часопіс” жаночых лёсаў, адна са старонак якога прысвячалася гераіням свята.

Ад раённай улады матуль віншавала намеснік старшыні райвыканкама С.А. Езерская, свае віншаванні даслала і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама Г.М. Мошына.

У розных намінацыях ішла гаворка: пра жанчын, якія спалучаюць кіруючыя пасады і мацярынства; пра матуль адораных дзяцей; пра лідараў грамадскіх фарміраванняў і матуль; пра матуль шматдзетных сем’яў; пра матуль, якія на вытворчасці працуюць з высокім вынікам; пра матуль, якія прайшлі праз пекла вайны і тую, якая ў мірны час пахавала сына з-за вайны ў Афганістане; матуль, якія выратоўвалі жыццё іншых, аддаючы сваю кроў; пра матуль, якія ў гады сваёй працоўнай дзейнасці ўдастоены высокіх дзяржаўных узнагарод. Вось такім ёмістым атрымаўся “часопіс”, які ў выніку выліўся ў кніжку жыцця прадстаўніц Слаўгарадчыны.

У адрас кожнай гучалі песенныя падарункі, кожная атрымоўвала каштоўны падарунак за сваё стаўленне да жыцця. Асобныя словы падзякі да імя ўсіх прысутных хочацца выказаць самадзейным артыстам за такое духоўнае ўзрушанне. Кожная песня ў выкананні дзяўчат кранала да глыбіні душы, бо прысвячалася матулям і тэматыкай адпавядала святу. Інакш і не магло быць, бо прысвячалася самаму галоўнаму чалавеку на зямлі – матулі, сімвалу пяшчоты і вернасці.

Свята ў той вечар закончылася агульным фотаздымкам і, упэўнена, добрым настроем, які застанецца на доўгі час ад увагі і цяпла з боку арганізатараў такога цудоўнага мерапрыемства.

В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий