Панядзелак, 8.00

IMGЗіма ўсё валадарней заяўляе пра сябе. Пахаладанне, якое прыйшло апошнімі днямі, таму доказ. Адпаведна і раённая ўлада заклапочана гатоўнасцю народнай гаспадаркі да зімовага перыяда. Гэтая тэма дамінавала на рабочай планёрцы ў кіраўніка раёна  У.П. Даніленкі. Са справаздачы спецыяліста райвыканкама, які курыруе пытанні эканоміі і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў, прагучала наступная інфармацыя: 42 цеплакрыніцы і 74 цепласпажыўцы, якія будуць задзейнічаны ў ацяпляльны перыяд, гатовыя да работы. Як стала вядома, па даведзенаму паказчыку эканоміі энергарэсурсаў за 9 месяцаў у раёне прагназуецца выкананне. Кіраўнік раёна звярнуў увагу і на такі аспект пры арганізацыі ацяпляльнага перыяда: да ўсталявання зімовага надвор’я на кацельнях выкарыстоўваць пілавінне, адыходы дрэваапрацоўкі і г.д., што дазволіць сэканоміць традыцыйныя віды паліва.

Што датычыцца сельгасвытворчасці, то на першы план тут павінны выйсці: заканчэнне ўборкі вырашчанага, загрузка агароднінасховішчаў, арганізацыя стойлавага ўтрымання жывёлы з разлікам на атрыманне высакаякаснай прадукцыі. Тэма асваення назначэнняў на капітальны рамонт дарог таксама аналізавалася. І на гэты конт, пасля дакладу начальніка ДРБУ-129 па выкананых аб’ектах, прагучаў такі вердыкт: выдзеленыя дзяржсродкі на гэтыя мэты павінны быць асвоены да капейчыны пры высокай якасці выкананых работ.

Забеспячэнне палівам насельніцтва на зімовы перыяд – гэтае пытанне таксама аналізавалася. За мінулы тыдзень на 356 куб. м папоўніліся запасы арганізацыі на дровы, чарга на іх на панядзелак складала 32 чалавекі, на брыкет – 18. Кіраўнік раёна звярнуў увагу на тое, што патрэбна актывізаваць тэмпы забеспячэння насельніцтва палівам і за бягучы тыдзень закрыць чаргу і працаваць далей на перспектыву.

Кірмаш, які прайшоў у мінулую суботу, дазволіў на 6 мільёнаў рублёў прадаць тавараў райпа. Гэтаксама і продаж хлеба ў Быхаве папоўніў “казну” сістэмы на 1,6 мільёна. Склалася  ўжо некаторая традыцыя выязджаць гандляваць у Расію. І яна, па словах старшыні райпа, прыносіць неблагія дывідэнды.

У райаддзел унутраных спраў за мінулы тыдзень паступіла 59 заяў і паведамленняў, з іх крымінальнага характара – 10. У асноўным апошнія датычацца крадзяжоў. Работа дружын, па ацэнцы першага намесніка начальніка РАУС, праходзіла ў звычайным рэжыме, за выключэннем таго, што зарэгістраваны факт нявыхаду добраахвотнікаў з райсельгастэхнікі і УКСП “Прысожжа”.

Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях на мінулым тыдні быў  задзейнічаны на тушэнні 2-х узгаранняў: саломы і сухой травы. Прафілактыка займела такі вынік: са 128 правераных домаўладанняў на прадмет гатоўнасці да ацяпляльнага перыяда да 7 гаспадароў былі заўвагі з боку службы. Кіраўнік раёна звярнуў увагу на такую акалічнасць: асаблівую ўвагу пры праверцы ўдзяляць шматдзетным сем’ям, а таксама тым сем’ям, дзе бацькі вядуць асацыяльны лад жыцця.

Начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў сваёй справаздачы акрэсліў такія моманты: многія рыбаловы пасля сябе пакідаюць смецце, якое забруджвае берагі рэк. Над гэтай праблемай будуць працаваць актыўным чынам, і не толькі метадам пераканання, а і рублём за такое стаўленне да багаццяў прыроды. Два рэйды, якія правяла інспекцыя, выліліся ў складанне трох адміністрацыйных пратаколаў.

У райбальніцы на панядзелак праходзілі лячэнне ў стацыянары 76 чалавек, з іх 2 – у рэанімацыі. Усе медыцынскія аб’екты, паводле інфармацыі галоўнага ўрача, падрыхтаваны да зімовага перыяда; вакцынацыя ў раёне праходзіць у межах даведзенага плана.

Работа са зваротамі грамадзян, вызначэнне прыярытэтў на бягучы тыдзень – усё гэта таксама займела месца на рабочай планёрцы.

В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий