Пазнаць і дапамагчы

domik molodyje specialisty slavgorodБольш за 25 год як жыхары нашага раёна жывуць і працуюць, сувымяраючы свае захады адносна рэкамендацый па мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы. За гэты час многае змянілася ў нашых адносінах да свайго здароўя, да працы на зямлі, якая яшчэ шмат год будзе заставацца забруджанай на радыёнукліды. Але ж пры ўсім тым раён жыве і развіваецца. І ў гэтым яскрава пераконваюць новабудоўлі, жаданне насельніцтва жыць прыгожым і заможным жыццём. Ніяк нельга пры ўсім тым адмаўляць і дапамогу сусветнай грамадскасці. Гэта і гуманітарная дапамога, і аздараўленне дзяцей, і розныя праекты, якія дазваляюць пры фінансавай падтрымцы замежных спонсараў пачаць сваю справу, якая дапаможа займець дастатак у сямейным бюджэце. Галоўнае пры ўсім гэтым — уласнае жаданне. А што датычыцца ініцыятыў, то іх зараз безліч, і спонсары заўсёды падтрымаюць іх здаровы сэнс.

У раён, які пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы, час ад часу прыязджаюць прадстаўнікі замежных краін, з якімі Беларусь ладзіць партнёрскія  адносіны. На мэце такіх візітаў аб’яднаць свае намаганні ў пераадольванні агульных праблем, як і тых, што звязаны з чарнобылем. Сёння ў раёне не рэдкасць увасабленне на практыцы розных праектаў, “донарамі” якіх з’яўляюцца замежныя партнёры.

У мінулую пятніцу наш раён наведалі намеснік рэгіянальнага дырэктара рэгіянальнага бюро Праграмы развіцця ААН (ПРААН) па краінах Еўропы і СНД спадар Хаолянь Шу і іншыя прадстаўнікі ААН у Беларусі. На мяжы Слаўгарадскага раёна гасцей сустрэў кіраўнік раёна У.П. Даніленка. Ад імя жыхароў Слаўгарадчыны высокаму госцю ўручылі хлеб-соль.

Затым  дэлегацыя на чале з Хаолянь Шу наведала “Блакітную крыніцу” і прыватны падворак А.У. Малахавай у вёсцы Бязуевічы. Алена Уладзіміраўна з дапамогай пазык мясцовага фонда “Адраджэнне-АГРА” пачынала наладжваць прыватную гаспадарку. Ужо ёсць вопыт, якім яна дзеліцца з пачынаючымі фермерамі. Алена Уладзіміраўна ў складзе дэлегацыі ад мясцовага фонда “Адраджэнне-АГРА” гэтым летам пабывала ў Францыі, дзе знаёмілася з калегамі па фермерству.

Спадар Хаолянь Шу, ягоныя калегі, кіраўнік раёна У.П. Даніленка, дырэктар мясцовага фонда “Адраджэнне-АГРА” Т. А. Гурына, прадстаўнік праекта “Павышэнне ўзроўня бяспекі чалавека на тэрыторыях, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”, прадстаўнік ПРААН В.А. Лукашкова вялі размову па тэме, якая была прадугледжана візітам, – садзеянне павышэнню стабільнасці даходаў уласных падсобных і сялянскіх фермерскіх гаспадарак, рэалізацыя лакальных ініцыятыў.

Знаёмства з гаспадаркай А.У. Малахавай, абмеркаванне здабыткаў і праблемных момантаў за куфэркам гарбаты выліліся ў размову дзелавых людзей, якая не пазбаўлена была і ноткі сяброўства, вызначэння перспектыў супрацоўніцтва.

Пасля Бязуевіч дэлегацыя выехала ў Кармянскі раён.

В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий