«Піць не буду, а буду дапамагаць дачцэ…»

alcoУ мінулую сераду на базе Кабінагорскага сельвыканкама прайшло чарговае пасяджэнне раённага савета прафілактыкі па папярэджванню правапарушэнняў. Вяла ягоную работу старшыня савета С.А. Езерская, намеснік старшыні райвыканкама. Месца дыслакацыі членаў савета выбрана невыпадкова. У гэтым Савеце вядзецца пэўная работа па выяўленню сем’яў, дзе на глебе п’янства бацькоў пакутуюць дзеці. А затым з такімі “суб’ектамі” соцыўма вядзецца прафілактычная работа з прыцягненнем адпаведных структур: РАУС, райбальніцы, адукацыі, сацабароны і г.д. Вось гэткі “прэсінг” на асацыяльныя сем’і і ўдзел працоўных калектываў, дзе час ад часу працуюць гэтыя грамадзяне, хаця і не дазваляе мець высокі працэнт поспеху, але ж тое, што хаця б адзін з “пітушчых” вырашыў “завязаць” – гэта ўжо поспех. З некаторымі з апошніх члены савета сустрэліся ў чарговы раз.

Муж і жонка, “на плячах” якіх чацвёра дзяцей і якія пражываюць у в.Завад Віравой, зайшлі разам. Ён хаваецца за жонку, якой яшчэ толькі 25 год і якая “на плячах” сваіх цягне сям”ю. Ён, калі вып’е, а п’е запойным варыянтам, у сям’і наступаюць “чорныя дні”. Віталю 28 год, ён стаіць на ўліку як сямейны скандаліст. Як зазначыла інжынер па тэхніцы бяспекі УКСП “Прысожжа” Н.І. Купрэева, адказная і за ідэалагічную работу ў калектыве, дзе працуе Віталь, да працы, калі не п’е, вельмі ахвочы. З боку старшага інспектара РАУС У.С. Сомава прагучала дапаўненне: пры яшчэ адной заўвазе ён будзе накіраваны на прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Абодва супругі працуюць. І сітуацыя, калі раніцай дзеці прадастаўлены самі сабе, выклікала не столькі асуджэнне, хутчэй зварот да кіраўніцтва арганізацыі вырашыць пытанне так, каб з дзецьмі быў адзін з бацькоў. Зрэшты, галава сям’і паабяцаў закадзіравацца. Тэрмін – як атрымае заробак. У.С.Сомаў зрабіў аналіз прафілактычнай работы за 9 месяцаў на тэрыторыі Кабінагорскага сельскага Савета і УКСП “Прысожжа”. Як вынікала, зрухі да лепшага навідавоку, але ж пры ўсім тым праблемных момантаў яшчэ хапае.

Пра работу суб’ектаў прафілактыкі, якія скіроўваюць свае намаганні на ахову грамадскага парадка, папярэджванне правапарушэнняў, паведаміў старшыня Кабінагорскага сельвыканкама В.А.Сівухін. Тры участковых РАУС alkogolабслугоўваюць тэрыторыю Савета. Сумесныя з сельвыканкамам рэйды, выступленні ўчастковых па месцу жыхарства насельніцтва, кантроль за праходжаннем масавых мерапрыемстваў і г.д. уплываюць на стабілізацыю крымінагеннай сітуацыі. У той жа час, як прагучала, растлумачальная работа сярод насельніцтва знаходзіцца не на належным узроўні.

Пра насілле ў сям’і і яго негатыўныя вынікі, якія адбіваюцца на дзяцях, што там жывуць, распавёў дырэктар СШ №2 І.М.Качанаў.

Заўважу, што кожнае выступленне падмацоўвалася фактамі, якія членаў савета прымушалі ў праект рашэння рабіць дапаўненні.

Адна за адной на “суд” савета прыходзілі жанчыны, лёс якіх ушчыльную звязаны з “зяленым зміем”.

І Валянціна, і Ірына, 1965 і 1966 гадоў нараджэння адпаведна, прайшлі праз асуджэнне і зараз вымушаны выплочваць па пастанове суда. Мізар атрымоўваюць на рукі. І калі першая, так бы мовіць, зараз працуе з падвоенай энергіяй, каб хутчэй скінуць бярэмя ўтрыманняў, то Ірына дазваляе сабе расслабіцца. У выніку – дачка, якой 16 год і якой матуля – як паветра неабходная ў гэтым узросце, “скінула” яе на бабулю. А сама жыве сваімі інтарэсамі. Праўда, нейкі час ужо не п’е. І як запэўніла: “Піць не буду, буду дапамагаць дачцэ”. Верыцца, але ж ці не позна прачнуліся мацярынскія пачуцці?!

Была і такая жанчына, якая сёння вядзе гаспадарку як мае быць. А зусім нядаўна разам з мужам злоўжывалі, а затым наладжвалі разборкі паміж сабой на вачах дзяцей. Сёння Алена працуе на 1,5 стаўкі і імкнецца вярнуць найперш давер сваіх дзяцей.

Савет выпрацаваў рашэнне па разглядваемых пытаннях.

В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий