Завадная гэта справа – кiрмаш!

Традыцыйнымі сталі для раёна восеньскія кірмашы, на якіх гаспадаркі раёна прапануюць жыхарам і гасцям Слаўгарадчыны сельгаспрадукцыю і не толькі.

У мінулую суботу на гарадскімdccebafcbf базары і па вуліцы Кастрычніцкая свае гандлёвыя  кропкі для пакупнікоў адкрылі СВК, райпа, арганізацыі, прадпрымальнікі раёна.

Надвор’е, якое па шматлікіх прагнозах у той дзень павінна было быць мякка кажучы “нялётным”, наадварот, радавала прыгажосцю залатой восені. Ва ўсялякім разе ў першай палове дня. Таму, на мой погляд, былі створаны ўсе ўмовы, каб людзі здолелі набытае на кірмашы якасна захаваць. Былi абсталяваны нават кафэ, i гараджане адпачывалi пад адкрытым небам з рознымi напоямi i закускамi, якiх установы грамадскага харчавання прыгатавалi на любы густ.

Працавалі і выставы. Педработнікі насамрэч стварылі атмасферу кірмаша. Заклікалі пакупнікоў, “піярылі” свае вырабы. Людзi ўвесь час тоўпiлiся каля палаткi. Ну, а калi цябе так ветлiва запрашаюць, так цiкава расказваюць, быццам бы i няёмка адысцi з пустымi рукамi. А гэта: і плеценыя кошыкі, і сельгаспрадукцыя, разнастайная смаката. Прапаноўваліся сапраўдныя творы мастацтваў, якія яны выканалі сваімі рукамі. Усё-такi завадная справа — гэтыя кiрмашы!

Мяса, выбар якога таксама быў дастаткова багаты як па цэнах, так і па якасці, збірала людзей. Аднак, хочацца адзначыць, што пакуль аб культуры паводзінаў пакупнікоў казаць рана. У жаданні выбраць лепейшы кавалак мяса, ці тое ж зерне, ніхто практычна не бачыў вакол сябе нічога і нікога. І больш сціплыя,  ветэраны адмоўчваліся ў баку. Тут ёсць над чым паразважаць.

А кірмаш гудзеў. Гудзеў ад людской гаманы, музыкі, рокату рухавікоў шматлікай аўтатэхнікі. Многiя прыязджалi сваiм транспартам на кiрмаш спецыяльна, каб зрабiць запасы на зiму. З машын сельгаспрадпрыемстваў перагружалiся мяшкi з адборнай бульбай, цыбуляй, капустай у асабiстыя аўто.

Нельга не адзначыць і работнікаў культурнага фронту. Песняй, гумарам, пляскамі, прыпеўкай яны імкнуліся ўзняць настрой кожнаму, хто завітаў на кірмаш.

Дарэчы, у гэтую суботу для тых, хто не здолеў задаволіць патрэбу ў зерневых ці іншых таварах, зноў будзе ладзіцца кірмаш.

І хочацца, каб зіма, якая вось-вось прыйдзе да нас, была багатай на прысмакі, якія вырасцілі руплівыя рукі слаўгарадчан.

У той жа дзень каля раённага цэнтра культуры была арганiзавана дзiцячая пляцоўка, на якой маленькія жыхары раёна мелі магчымасць цікава, а галоўнае з карысцю правесці вольны час.

                             Тэкст Ул. ВАСІЛЬЕВА.

 

Добавить комментарий