Конкурс «Лучший воспитатель года»

IMG

Днямі ў раёне праходзіў конкурс прафесійнага майстэрства сярод педагогаў дашкольных устаноў адукацыі “Лепшы выхавальнік”. У гэты раз ён ладзіўся на базе ДУА “Дзіцячы садок №1”, дзе калектыў установы гасцінна сустракаў калег, удзельнікаў конкурсу, іншых гасцей.
З прывітальным словам да прысутных звярнуліся: начальнік аддзела адукацыі райвыканкама А.Л. Аўчыннікаў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі С.М. Дзенісенка,метадыст па дашкольнаму выхаванню аддзела адукацыі райвыканкама Т.В. Паркалава. Яны пажадалі ўдзельнікам поспехаў і новых здабыткаў на прафесійнай ніве.
Па традыцыі конкурсная праграма распачалася з партфоліа, праз якое прысутныя пазнаёміліся з кожным удзельнікам конкурса, даведаліся пра ягоныя прафесійныя прынцыпы, жыццёвае крэда і асабістыя якасці.
Ацэньваў кожны этап конкурса, так бы мовіць, савет наймудрых, у склад якога ўвайшлі спецыялісты аддзела адукацыі райвыканкама.
Далей былі адкрытыя заняткі ў групах. Канкурсантам трэба было пастарацца, каб спачатку пазнаёміцца з садкоўцамі, а потым зацікавіць, захапіць увагу дзяцей і трымаць яе да канца заняткаў. Дарэчы, гэта ў кожнага педагога атрымалася добра. Што не прамінулі адзначыць і члены журы.
У конкурсе “Пытанне — адказ” канкурсанты дэманстравалі веданне праграмнай дакументацыі. Цікава праходзіў і конкурс “Жылі-былі”, дзе выхавальнікі ў гульнёвай форме з выкарыстаннем розных атрыбутаў разыгралі пацешкі і ўрыўкі са сказак.
Зразумела, што выхавальнікі – народ творчы. Яны не толькі выкарыстоўваюць у сваёй рабоце гатовы матэрыял, але і самастойна распрацоўваюць розныя дыдактычныя дапаможнікі для выхаванцаў. Дарэчы, свае распрацоўкі яны дэманстравалі ў конкурсе хатняга задання “Умелые руки не знают скуки”.
Напрыканцы канкурсанты вынеслі на суд журы відэафільмы аб сваёй прафесійнай дзейнасці.
Па заканчэнні іспытаў журы вынесла свой вердыкт. “Лепшым выхавальнікам – 2011” стала С.В. Ефіменка, выхавальнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі з ДУА “Дзіцячы садок №3”. Усе канкурсанты атрымалі Ганаровыя граматы, грашовыя прэміі і кветкі.
Тэкст і фота С. ІГАРАВАЙ.

Добавить комментарий