В финале славгородчанки

zr  kУ фінал выйшлі
і юныя слаўгарадчанкі
Мінулагодні конкурс юных вакалістаў “Звонкая раніца”, які ладзіць “Настаўніцкая газета” і газета для падлеткаў “Переходный возраст” нарабіў шмат шуму ў асяроддзі юных спевакоў Беларусі. З лёгкай рукі дырэктара НДЦ “Зубраня” Надзеі Генадзьеўны Ануфрыевай яго “ахрысцілі” беларускай “фабрыкай зорак”. Ці атрымаецца і ў гэтым годзе конкурсу ўтрымаць высокую планку? Арганізатары ўпэўнены — атрымаецца!
З 7 па 17 лістапада ў 12 раённых цэнтрах Беларусі адбыліся кастынгі, у якіх прынялі ўдзел 267 юных спевакоў з амаль 30 раёнаў нашай краіны. Многія прыязджалі ў суседнія гарады за 50 і нават за 100 кіламетраў, каб, як кажуць, сябе паказаць і на іншых паглядзець. На кожным кастынгу прысутнічалі прадстаўнікі мясцовых музычных школ, устаноў культуры і адукацыі, педагогі “Звонкай раніцы” Кацярына Аляксандраўна Папова і Настасся Уладзіміраўна Апановіч, а таксама ўладальніца гран-пры мінулагодняга конкурсу Лаліта Карповіч, фіналісты “Звонкай раніцы-1” Дзяніс Карабач, Алена Карпіцкая, Ірына Гапоненка, Аліна Пяткевіч і Анатоль Васілевіч. Вельмі часта сярод канкурсантаў было цяжка вылучыць лепшых. Ды і горшых, уласна кажучы, адназначна таксама не было.
Нехта з сёлетніх канкурсантаў прыходзіў на кастынг, прачытаўшы пра яго ў нашай газеце, нехта заўважыў запрашэнне на дошцы аб’яў у музычнай школе ці Доме культуры, а нехта, ідучы на выпрабаванне, ужо меў інфармацыю пра “Звонкую раніцу” ад мінулагодніх удзельнікаў.
Сапраўды, конкурс пакінуў значны след у творчай біяграфіі юных вакалістаў. І па сённяшні дзень педагогі і творчая група праекта не губляюць сувязі з “нашымі дзецьмі”, запрашаючы іх выступаць на вядомых канцэртных пляцоўках Беларусі.
Ды і зносіны з педагогамі не перапыняюцца. З моманту падвядзення вынікаў і ўручэння ўзнагарод прайшло больш як паўгода, але педагогі праекта — а гэта Кацярына Аляксандраўна Папова, Настасся Уладзіміраўна Апановіч, Ірына Уладзіміраўна Даронкіна, Таццяна Яўгенаўна Гурэвіч — не спыняюць зносін з дзецьмі, дапамагаючы ім парадамі і дзелячыся вопытам, якога, нягледзячы на маладосць, у іх ужо дастаткова. “Нашы заняткі можна назваць нестандартнымі. Вось, напрыклад, з Уладзіславай Якімюк, што жыве ў Пінску, мы асноўны час займаемся па скайпе, — расказвае Настасся Апановіч. — Раз у месяц яна прыязджае ў Мінск, дзе мы разбіраем асноўны матэрыял. А падчас дыстанцыйных заняткаў я нешта карэкцірую і накіроўваю ў патрэбнае рэчышча. Такой сістэмы дастаткова для дасягнення вынікаў”. А вынікі сапраўды ёсць: за гэтыя паўгода Уладзіслава перамагла ў некалькіх міжнародных конкурсах не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў Балгарыі і Расіі.
На жаль, толькі 50 удзельнікаў кастынгаў трапілі ў фінальны тур у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. Як і ў мінулым годзе, з 12 студзеня па 1 лютага 2012 года ў “Зубраняці” (а цэнтр з’яўляецца адным з заснавальнікаў конкурсу) фіналістаў чакаюць заняткі з педагогамі па вакале і сцэнічным руху, макіяжы і тэхніцы маўлення, сустрэчы з вядомымі дзеячамі сцэны і, безумоўна, справаздачныя канцэрты.
У гэтым годзе канкурсантаў і гледачоў конкурсу чакае мноства навінак. Найперш гэта электроннае галасаванне. Выканаўцы адразу пасля выступлення будуць ведаць колькасць набраных балаў, якія будзе выстаўляць журы і якія за тры этапы фінальнага тура будуць падсумаваны і стануць асноўнай часткай агульнага выніку конкурсу.
Дзякуючы нашаму тэхнічнаму партнёру — аператару 3G-сувязі Diallog, усе канцэрты і публічныя мерапрыемствы, якія адбудуцца ў рамках конкурсу ў НДЦ “Зубраня”, будуць трансліравацца ў інтэрнэце. Іх можна будзе паглядзець у анлайн-рэжыме на сайце праекта “Звонкая раніца” http://www.zr.ng-press.by/ (сетка вяшчання будзе змешчана на электронных рэсурсах “Настаўніцкай газеты”).
Таксама на конкурсе будзе працаваць прэс-група — юныя журналісты, што вызначыліся на фестывалі “Свежы вецер”: Аліна Мастыка, Марына Баранчук, Уладзіслаў Жуковіч і Аляксей Ясны. Яны будуць рэгулярна весці дзённікі конкурсу на старонках маладзёжнага прэс-клуба “Настаўніцкай газеты” па адрасе www.club.nastgaz.by і расказваць пра жыццё фіналістаў і конкурсныя падзеі, што будуць адбывацца на беразе Нарачы. Акрамя таго, кожны з вас можа ўзяць удзел у СМС-галасаванні і падтрымаць таго фіналіста, чыё выступленне вам найбольш спадабалася (падрабязнасці — на сайце праекта www.zr.ng-press.by).
Нельга не сказаць яшчэ пра аднаго арганізатара конкурсу — турыстычную кампанію “МАТЭП-90”, якая прэзентуе ўладальніку гран-пры экскурсійны тур у Кіеў на 2 асобы. Акрамя гэтага, арганізатары падрыхтавалі шмат іншых сюрпрызаў, пра якія і канкурсанты, і, безумоўна, нашы чытачы даведаюцца крыху пазней.
Сачыце за публікацыямі ў “Настаўніцкай газеце” і газеце “Переходный возраст”, глядзіце відэа фіналістаў на сайце www.zr.ng-press.by, каменціруйце, галасуйце! Падтрымайце сваіх знаёмых і землякоў!
P.S. Паважаныя чытачы, у фінал конкурса «Звонкая раніца-2» увайшлі і юныя слаўгарадчанкі Вольга ДАНІЛЕНКА і Наталля ЮРЧАНКА. Галасуйце за нашых дзяўчынак. Ваш голас можа вырашыць лёс юных спявачак са Слаўгарадчыны. Пазваніце і аддайце свой голас за нашых!
Даведкі і ўдакладненні можна атрымаць па тэлефонах: 8-017-287-16-70, 8-025-972-3-972, 8-029-400-04-12 .
У. ФАЛЕЕЎ,
супрацоўнік

Добавить комментарий