Вместе с районкой и в год дракона

Паважаны чытач! Сёння ў Ваш дом прыйшоў першы нумар раёнкі ў 2012 годзе. Дадатна адзначыць, што чытацкая аўдыторыя пашырылася больш чым на 100 падпісчыкаў. Вялікі дзякуй тым, хто вырашыў пасябраваць з раённай газетай. Асобныя словы прызнання дасылаю нашым сябрам, якія з раёнкай ідуць па жыцці ўжо шмат год.
Год мінулы быў складаным і для рэдакцыі газеты. Рост цэн на паліграфічныя, камунальныя паслугі, а таксама на іншыя ўнёс некаторыя карэктывы ў плане фінансавым, але ж гэта аніяк не адбілася на геаграфію перадавога вопыта як у працоўным, так і жыццёвым вымярэнні. Кожны супрацоўнік рэдакцыі імкнуўся праз свае допісы весці размову з чытачом на актуальныя і надзённыя тэмы.
Вядомая справа, без нашых няштатных карэспандэнтаў нам было б цяжка гэта рабіць. Вялікі дзякуй “аксакалам” творчага слова: Ф.У. Шкірманкову, Б.І. Байвер, В.П. Семенчукову, М.А. Макаранку, П.І. Старавойтаву і многім другім за супрацоўніцтва з газетай. Няхай яшчэ доўгі час праз ваша слова нашы чытачы будуць чуць голас гісторыі, няўрымслівы голас за будучае Беларусі.
Таксама выкажу падзяку ўсім, хто прыходзіў да нас, дасылаў нам свае матэрыялы, каб расказаць пра цікавых людзей і падзеі. І хаця не ўсе яны ўбачылі свет па аб’ектыўных прычынах, але мы ўдзячныя за давер раёнцы.
Вялікі дзякуй за паразуменне нашаму заснавальніку – райвыканкаму. Мы разам з аддзелам ідэалагічнай работы райвыканкама мелі клопат у падпісныя кампаніі. І, на мой погляд, гэты сімбіёз прыносіў плён.
Дзякуй нашым дзелавым партнёрам – раённаму вузлу паштовай сувязі. Адну справу робім – нясём слова жыхарам раёна. З адной толькі розніцай – вы ў прамым сэнсе слова гэта робіце.
Настаў новы, 2012 год. У планах рэдакцыі шмат ідэй. Мы мяркуем рэалізаваць іх на старонках газеты. І за вашу дапамогу ў гэтай справе будзем удзячныя.
Паважаныя сябры! Віншую ўсіх вас з Новым годам і Раством Хрыстовым. Жадаю ўсім, каб год Дракона стаў годам здзяйснення планаў і мараў, каб здароўе не падводзіла, каб родныя вам людзі заўсёды былі поруч. Няхай Боская ласка сагрэе вашы душы на добрыя справы.
З павагай
Валянціна ЕЗЕРСКАЯ,
галоўны рэдактар раённай

Добавить комментарий