Рабіць дабро – проста!

x afdУ мінулую пятніцу, калі да куцці вялікага праваслаўнага свята Раства Хрыстова засталіся лічаныя гадзіны, а градус настрою людзей павышаўся ад чакання цудаў і чараўніцтва, у наш раён завітаў з прыемнай місіяй, так бы мовіць, дэсант кіраўніцкага саставу Магілёўскага абкама “БРСМ” разам з валанцёрамі “Добрае сэрца”. Асабліва іх прыезду чакала дзятва, якая марыць пра цуды. Вядомая справа, што калі ў іх верыць, то яны абавязкова адбудуцца. Так і атрымалася.
Візіт гасцей насіў дабрачынны характар і праходзіў у рамках акцыі “Цуды на Раство”, якую ініцыявалі БРСМ сумесна з Магілёўскай і Бабруйскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы ў рамках руху моладзевага саюза “Добрае сэрца”.
У гэты дзень арганізатары акцыі наведалі Асіповіцкі раён, а затым завіталі да нас. Трэба адзначыць, што гэтая акцыя ўключала разнастайныя мерапрыемствы, у ходзе якіх быў арганізаваны збор падарункаў для дзяцей, работу са спонсарамі і інш. Так, напрыклад, у цэнтральным універмазе г. Магілёва ўсталявалі ёлку, на галінках якой разам з цацкамі размясцілі фотаздымкі з пажаданнямі і марамі дзяцей, якія выхоўваюцца ў сацыяльных установах. Сярод іншых былі дзеці і з нашага раёна. Валанцёры БРСМ запрашалі кожнага наведвальніка магазіна ў пераднавагоднія дні зрабіць дадатковую пакупку-падарунак. На добрую справу адгукнуліся многія пакупнікі. І вось, калі нарэшце была выканана апошняя дзіцячая мара, арганізатары наведаліся ў госці да дзятвы.
Валанцёры наведалі сацыяльна-педагагічны прытулак, што ў Н. Слабадзе, дзіцячы дом сямейнага тыпу Ціханавых, завіталі і да выхаванцаў раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі “Іскрынка надзеі”. Праз тэатралізаванае дзейства з удзелам казачных персанажаў, дзе, вядомая справа, не абыйшлося без Дзеда Мароза і Снягуркі, госці падарылі дзятве радасць, пазітыў і веру ў дабрыню. Прыемным сюрпрызам сталі падарункі і салодкасці. Але галоўнае тое, што кожнае дзіцяці атрымала намнога большае – увагу і цеплыню.
Вось так проста ў сілах кожнага з нас рабіць дабро — стаць на імгненне чараўніком і падарыць незнаёмаму дзіцяці крышку шчасця, цяпла і дабрыні.
Падрыхтавала С. БЯЛЯЕВА

Добавить комментарий