Быць ля вады

Уважлівы чытач не праміне адзначыць такую акалічнасць: ніводнае паведамленне міліцыі на планёрцы ў кіраўніка раёна не абыходзіцца без інфармацыі па крадяжах, якія адбыліся ў раёне. Альбо ўласнай маёмасці, або дзяржаўнай. І што характэрна, гэты від “дзейнасці” для некаторых стаў абыдзеннай справай. Дык што, настолькі грамадства пасіўнае, калі не можа паўплываць на тых, хто блытае такія паняцці як чужое і сваё? А калі не так, дык чаму на клептаманію “пакутуе” пэўная частка насельніцтва? Няўжо паўстала пытанне так востра, што яго разгляд ініцыявала пракуратура раёна на пасяджэнне райвыканкама?Адказ, які прагучаў на райвыканкаме, не стаў нейкім адкрыццём. Але давайце па парадку.
Кіраўнік раёна У.П.Даніленка, адкрываючы першае пасяджэнне выканкама ў новым годзе, прывеў такое выказванне: крадуць там, дзе не ахоўваюць належным чынам. Так, менталітэт у некаторых з нас яшчэ не дайшоў да высокай свядомасці, але ж ведаючы гэта, трэба паставіць сапраўдную заслону перад такімі людзьмі. І калі, скажам, па крадзяжах веласіпедаў, рост якіх назіраецца ў раёне (з 8 да 10), сітуацыю патлумачыць можна, маўляў, самі гаспадары праявілі халатнасць, то як зразумець тое, калі кіраўнікі прадпрыемстваў скрозь пальцы глядзяць, як з фермаў і машынных двароў цягнуць дзяржмаёмасць? Бо менавіта з-за таго, што дзесь на ферме адсутнічае асвятлення, дый і вартаўніком працуе выпадковы чалавек, злодеям не складае праблем абагаціцца за чужы кошт.
Не буду занадта ўтрыраваць сітуацыю. Як прагучала ў дакладзе намесніка старшыні райвыканкама С.А.Езерскай, у аснову якога лягло прадстаўленне пракуратуры раёна па прафілактыцы крадзяжоў, выступленнях пракурора раёна А.У.Аксёнава, начальніка РАУС М.М.Веразубава, падстаў біць у званы няма. Але ж засяродзіць увагу на недапрацоўках па захаванню маёмасці, якія маюць месца на прадпрыемствах і ў арганізацыях, гэты прафілактычны крок запатрабаваны часам. І што, зрэшты, падмацоўвала і статыстыка па крадзяжах за 2010 і 2011 гады.
Апраўданні старшынь гаспадарак па фактах адсутнасці элементарнага асвятлення на аб’ектах, дзе захоўваюцца матэрыяльныя каштоўнасці, зводзіліся іншым разам да дзіцячых тлумачэнняў. Кіраўнік раёна выказаў сваё бачанне вырашэння праблемы. Яно простае і складанае адначасова. Бо залежыць найперш ад самадысцыпліны таго ж старшыні гаспадаркі. Бо калі ён не зацікаўлены ў захаванні маёмасці, то ніякі вартаўнік не праявіць адваротнае. Наадварот, “лафе” такой рады будзе. А вось пастаянны кантроль з боку старшыні і галоўных спецыялістаў за захаваннем матэрыяльных каштоўнасцяў выключыць крадзяжы. І тады добра вядомы афарызм: быць ля вады і не напіцца стане ўспрымацца кожным з нас у літаральным сэнсе слова, а не ў пераносным, як гэта тлумачыць апраўданне спакусы на крадзеж.
В.УЛАДЗІМІРАВА

Добавить комментарий