Кожнае жыццё – на вагу золата

IMG
У мінулы чацвер у зале пасяджэнняў райвыканкама прайшоў семінар-нарада па выкананню заканадаўства аб працы і ахове працы. Вёў семінар кіраўнік раёна У.П.Даніленка.
Таксама ў рабоце семінара-нарады прынялі ўдзел: Д.М.Калееў, начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартаменту дзяржаўнай інспекцыі працы; А.М.Леневіч, начальнік Крычаўскай межраённай інспекцыі працы; І.В. Чабатарэўская, галоўны інспектар працы вышэйназванага ўпраўлення.
Напачатку работы семінара Уладзімір Пятровіч засяродзіў увагу прысутных у зале кіраўнікоў, адказных работнікаў арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў раёна на неабходнасці займаць жорсткую пазіцыю ў арганізацыі вытворчага працэсу ў разрэзе выканання ўсіх правіл і норм бяспекі працы. Кожнае жыццё, падкрэсліў старшыня райвыканкама, — гэта бясцэнная каштоўнасць ад Бога. І захаваць яго — галоўная задача для тых, хто наладжвае вытворчы працэс.
Затым Дзмітрый Міхайлавіч Калееў зрабіў аналіз выканання заканадаўства аб працы і ахове працы па Магілёўшчыне за мінулы, 2011 год. Але спачатку ўвазе прысутных прапанаваўся 10-хвілійны відэафільм, у якім ішла размова аб няшчасных выпадках на працоўных месцах. Галоўнымі «героямі» стужкі сталі тыя работнікі, якія з-за грэбавання элементарнымі правіламі бяспекі атрымалі траўмы. Вялася размова і пра спецвопратку, выкарыстанне якой дазволіла б пазбегнуць многіх траўм.
Упэўнены, закранулі кожнага ў зале і словы дзетак, якія напрыканцы фільма звярнуліся да сваіх бацькоў з заклікам вяртацца з працы жывымі і здаровымі – вось што для іх галоўнае.
Дэманстраваліся і фотаздымкі трагедый на вытворчасці. Яны на самой справе выклікалі ў зале калі не шок, дык нешта блізкае да гэтага. Каментуючы кожны са слайдаў, Дзмітрый Міхайлавіч канстатаваў, што толькі па віне адказных за бяспеку працы пасадавых асоб і сваю няўважлівасць здарыліся гэтыя няшчасныя выпадкі.
Аналіз выканання заканадаўства аб працы і ахове працы, стану вытворчага траўматызму ў нашым раёне зрабіў Аляксандр Мікалаевіч Леневіч. Зрэшты, ён падкрэсліў, што, нягледзячы на шматлікія праверкі, рэйды, становішча з выкананнем патрабаванняў бяспечных умоў працы ў раёне застаецца складаным. Ён назваў, як бы жорстка гэта ні гучала, забойцамі кіраўнікоў, якія халатна ставяцца да арганізацыі бяспечных умоў працы. За мінулы год, як вынікала з даклада, у раёне праведзена 21 праверка. Па выніках якіх выпісана 9 прадпісанняў, 9 пасадавых асоб прыцягнуты да адказанасці.
Іна Валянцінаўна Чабатарэўская ў сваім выступленні адлюстравала выкарыстанне заканадаўства аб працы. Яна агучыла асноўныя праблемныя моманты, якія ўзнікаюць часцей за ўсё паміж наймальнікам і працаўніком. Дала тлумачэнні, як трэба вырашаць іх, зыходзячы з існуючага заканадаўства.
Напрыканцы семінара прысутныя мелі магчымасць задаць свае пытанні і атрымаць на іх кампетэнтныя адказы.
Падводзячы вынікі, Уладзімір Пятровіч звярнуўся да кожнага, хто ўзяў на сябе адказнасць быць кіраўніком. «Кожны чалавек, ягонае здароўе, — гэта тое, што вы абавязаны зберагчы…».
Ул. РЫЖАНКОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий