Да сустрэчы ў “таўстушцы”!

Паважаныя чытачы! Сёння вы трымаеце апошні нумар сваёй раёнкі за студзень. Дзякуем вам за давер, за жаданне ісці па жыцці з “Прысожскім краем”. Далей, у лютым, фармат газеты зменіцца. Прычына? З аб’ектыўных – навацыі часу і жаданне надаць газеце большай важкасці, бо сёння чатыры старонкі – гэта ўжо чыстай вады архаізм. Павялічыць жа колькасць старонак у выпуску за сераду не атрымоўваецца, бо гэта цягне за сабой дадатковыя фінансавыя сродкі. А з імі ў нас, на жаль, не густа. Гэта адзін бок справы. Па-другое, праз штотыднёвік мы зможам ахапіць тэматычнымі старонкамі тыя сферы жыцця, да якіх, па праўдзе кажучы, не хапала часу дайсці.
Ведаю, будуць пытанні ў чытачоў. Але, шаноўныя, хочацца заручыцца вашым разуменнем і падтрымкай. У сэнсе “чціва” вы не згубіце. Адзінае, у чым хочацца вас папрасіць, дык гэта ў тым, каб сваю рэкламу і віншаванні ў рэдакцыю вы падавалі з арыенцірам на тое, што штотыднёвік будзе выходзіць па пятніцах. У рэдакцыі ёсць яшчэ і такі інфармацыйны рэсурс як раённае радыё. Яно па-ранейшаму будзе выходзіць у эфір у сераду і суботу. Таму арыентую задзейнічаць і гэтую магчымасць для рэкламы і віншавання родных і блізкіх. Ведаеце, ніколі не позна ўшаноўваць блізкіх вам людзей.
Увогуле хачу данесці да вас, паважаныя чытачы, такую думку: у якім бы фармаце ні выходзіла раёнка, яна па-ранейшаму будзе інфармаваць пра жыццё раёна і ягоных жыхароў, а таксама пра справы ў вобласці і рэспубліцы. Па-ранейшаму мы будзем разам з вамі, нашы чытачы, бо мы аб’яднаны ідэяй надаць жыццю кожнага з нас аптымізму, надзеі, веры і любові. Без гэтых пастулатаў нельга будаваць сваё будучае.
Напомню: сустракаемся ў пятніцу, 3 лютага, на 12-ці старонках сваёй раёнкі “Прысожскі край”. Выпісвайце і чытайце галоўную газету нашага раёна, званіце і дасылайце свае водгукі на змешчаныя ў газеце матэрыялы, прапаноўвайце тэмы для размовы.
З павагай, галоўны рэдактар райгазеты «Прысожскі край»,
Валянціна ЕЗЕРСКАЯ

Добавить комментарий