Каб зарабляць, трэба працаваць

У мінулы аўторак у зале пасяджэнняў райвыканкама адбылася нарада на ўзроўні кіраўніка раёна У. П. Даніленкі. У нарадзе прымалі ўдзел спецыялісты райсельгасхарчу. Так бы мовіць, «разбор палётаў» адбыўся ў той дзень для некаторых СВК раёна.
Своеасаблівы экзамен трымалі кіраўнікі сельгаскааператываў, у якіх прагнозныя паказчыкі па вытворчасці малака і мяса не надаюць аптымізму.
У прыватнасці, жорсткай крытыцы быў падвергнуты СВК «Заранскі», дзе, як стала вядома, з-за незбалансаванага рацыёна жывёлы па вытворчасці мяса і малака маюць правальную сітуацыю. Узяць хаця б такі факт, што ў гэтай гаспадарцы штодзень зарабляецца на малацэ каля 12 мільёнаў рублёў. У той жа час у СВК «Прывольны» (дзе дойны статак на 300 галоў менш) штодзень зарабляецца 28 мільёнаў рублёў.
Закраналася і пытанне адсутнасці ў СВК «Заранскі» неабходнай колькасці насення для пасяўной.
Як адну з вострых праблем Уладзімір Пятровіч агучыў і падрыхтоўку тэхнікі да веснавых палявых работ. Ні ў якім разе нельга дапусціць, каб хоць адна адзінка сельгастэхнікі прастойвала на пасяўной, — падкрэсліў кіраўнік раёна.
Па кожнаму з праблемных момантаў старшыням СВК былі агучаны тэрміны для выпраўлення спраў. У пратакол таксама былі ўнесены і тэрміны для прыняцця мер у выпадку нездавальняючага стаўлення да «крызісных» накірункаў дзейнасці гаспадарак.
Са справаздачамі ў той дзень таксама выступілі старшыні СВК: «Рэкцянскі», «Лясная», «Зімніца», «Наша Радзіма», «Прывольны». Да кожнага з іх былі пытанні. Ад станоўчага, а галоўнае, своечасовага вырашэння якіх залежыць не толькі выкананне раёнам прагнозных паказчыкаў, а найперш, дабрабыт працаўнікоў СВК, іх сем’яў. На апошнім акцэнтаваў увагу кіраўнік раёна і запатрабаваў зыходзячы з гэтага будаваць сваю работу на вытворчасці.
Уладзімір ВАСІЛЬЕЎ

Добавить комментарий