Міхасю Стральцову – 75!

Бягучы год у нашай краіне аб’яўлены Годам кнігі. Чаму такая ўвага да яе, запытаецеся вы? Ва ўсе часы ва ўсіх краінах свету людзі славілі кнігу. Надыйшоў час і нам услаўляць беларускую кнігу, беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, пачаць чытаць і прапагандаваць беларускае слова.
Цэнтральная бібліятэка заўсёды вялікую ўвагу ўдзяляла рабоце з беларускай літаратурай.
Вось і ў гэтым годзе распрацавана праграма па папулярызацыі беларускай літаратуры і мовы сярод моладзі пад назвай “Час чытаць кнігі роднай краіны».
Адкрыла праграму кніжная выстава, на якой прадстаўлена беларуская класіка, сучасная літаратура і творы маладых пісьменнікаў Беларусі.
Шэраг мерапрыемстваў запланаваны да юбілеяў: Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка і іншых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.
Да таго ж, на працягу многіх год цэнтральная бібліятэка плённа супрацоўнічае з бібліятэкай СДПЛ №3, на базе якой праходзяць пасяджэнні літаратурна-музычнай гасцёўні “Арфей”, якія заўсёды здзіўляюць сваёй разнастайнасцю і цікавасцю.
Чарговае пасяджэнне праходзіла ў форме літаратурнага падарожжа і было прысвечана творчасці нашага земляка — таленавітага пісьменніка, сапраўднага мастака, які валодае таямніцай слоўнага жывапісу, паэта Слаўгарадчыны – Міхасю Стральцову.
Сустрэча з яго творчасцю заўсюды жаданая, настройвае на лірычны лад, прымушае расслабіцца і цалкам акунуцца ў свет цудоўнага, узвышанага, асабліва, калі ты знаўца паэзіі М. Стральцова. Калі ж ты знаёмішся ўпершыню – таксама цікава паслухаць яго вершы і адчуць праз мастацкае слова хараство роднай зямлі…
У чытальнай зале бібліятэкі СДПЛ №3 была аформлена кніжная выстава, прымеркаваная да 75-годдзя паэта-земляка “Пісьменніку-земляку М. Стральцову – 75 год”, якая адлюстроўвала ўвесь ягоны жыццёвы і творчы шлях.
Напрыканцы мерапрыемства моладзь з ахвотай прыняла ўдзел у віктарыне па творчасці пісьменніка-земляка і прадэманстравала веданне яго біяграфіі.
Запрашаем усіх жадаючых да нас у бібліятэку, каб перагарнуць старонкі зборнікаў М. Стральцова, наталіцца ягонай творчасцю і абудзіць у сваіх душах светлыя пачуцці.
В. ХРАМЯНКОВА,
бібліятэкар чытальнай залы
цэнтральнай бібліятэкі

Добавить комментарий