На Алімпе – настаўнік фізікі

IMG
Як паведамлялася, на працягу пяці дзён настаўніцтва раёна жыло ва ўзрушаным стане. На тое была прычына – раённы конкурс педмайстэрства «Настаўнік года-2012».
Вядомая справа, у асаблівай цікаўнасці знаходзіліся тыя педкалектывы, прадстаўнікі якіх выйшлі на рынг спаборніцтва. А гэта, напомню, настаўнікі з гарадскіх, Бярозаўскай, Васькавіцкай, Шаламоўскай, Лапаціцкай, Зімніцкай школ і ліцэя №3.
Конкурс праходзіў на базе СШ №2. Напачатку, так бы мовіць, быў тэарэтычны аспект конкурса – прадстаўленне конкурсных работ, у якіх кожны канкурсант выкладаў уласны вопыт настаўніцкай працы. Журы, а яго ўзначальвала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама К. У. Мельнікава, а ў склад увайшлі кампетэнтныя калегі з аддзела, настаўнікі школ, якія не выстаўлялі на ўдзел у конкурсе сваіх прэтэндэнтаў, прадстаўнікі райвыканкама, завочна ацэньвала гэтыя работы. Затым быў, так бы мовіць, эпагей і кульмінацыя педмайстэрства – адкрытыя конкурсныя ўрокі. Яны праходзілі ў незнаёмым для канкурсанта класе. І, што характэрна, настаўнік не ведаў падмурка ведаў гэтых вучняў. Таму, як зазначалі члены журы, не давялося пазбегнуць нюансаў некаторым з удзельнікаў конкурса.
Не менш кульмінацыйным быў і апошні дзень конкурса. Ён праходзіў з удзелам балельшчыкаў. А гэта калегі канкурсантаў, што міжволі накладвала адбітак на хваляванне і адказнасць канкурсантаў. Намеснік старшыні райвыканкама С. А. Езерская прывітала ўдзельнакаў конкурсу, пажадала ўсім годна прадставіць сваё педмайстэрства.
Далей – іспыты. Яны былі рознага кшталту. Творчае самапрадстаўленне, напрыклад, вымагала за 7 хвілін данесці сутнасць прафесіі, якая стала сэнсам жыцця. Наталля Анатольеўна Шынкарова, настаўніца пачатковых класаў Васькавіцкай школы, адкрывала гэты конкурс і акрэсліла ўсё сказанае такім чынам: «Я знайшла сваё прызванне па жыцці».
Фізік з Лапаціцкай школы Ігар Алегавіч Коўганаў прадоўжыў эстафету конкурса і сваім выступленнем прымусіў парадавацца за вучняў, да якіх ён прыходзіць на ўрок.
Настаўніца рускай мовы і літаратуры з СШ №1 Вікторыя Дзмітрыеўна Прачуханава сваё педкрэда вызначыла такім чынам: «Заўсёды здзіўляць!» І не трэба было чакаць урока, каб пераканацца ў тым. Бо тое, што сваёй пластыкай і танцам сваіх вучняў, якія дэманстравалі ўрывак вальса з вялікасвецкага бала, хапіла, каб паверыць і парадавацца за такі тандэм настаўніка і вучняў.
Валянціна Аляксандраўна Малахава, настаўніца пачатковых класаў Шаламоўскай школы, пераканала ў тым, што вопыт заўсёды мае права на поспех. А калі яшчэ ён набыты пры справе па душы.
Сапраўдны спектакль па матывах народных казак наладзілі настаўнікі з Зімніцкай школы, шукаючы настаўніцу для Царэвіча. І выйшлі на Ларысу Анатольеўну Зянькову, якая па логіцы пошуку і стала канкурсанткай.
Святлана Яфімаўна Афанасьева, настаўніца пачатковых класаў Бярозаўскай школы, падчас свайго самапрадстаўлення рэзюмавала такім чынам: «Настаўнік – мае прызванне».
А што датычыцца Марты Аляксандраўны Лазарэнка, настаўніка гісторыі СШ №2, то яна была, так бы мовіць, у эпіцэнтры ўвагі, бо ў гэты дзень яна нарадзілася. І тое, што дырэктар яе школы, праз інсцэніроўку, сярод прэтэндэнтаў на ролю настаўніцы аддаў перавагу менавіта ёй, сведчыла пра высокі прафесіяналізм Марты Аляксандраўны. Яна цудоўна спявала, ёй дарылі кветкі, а яе вучні добра высвецілі яе як творцу.
Крыху парушыла храналогію гэтага конкурса. Бо адкрываў яго самы сталы педагог, выкладчык ліцэя Рэзгольд Станіслаў Уладзіміравіч. Але ж галоўнае не ў храналогіі, а ў тым, што ён расказаў пра сябе з пачуццём гумару, а ягонае спяванне пераканала ў тым, што музычная адукацыя толькі на карысць педагогу.
У псіхолага-педагагічным тэсціраванні, на якое адводзілася 30 хвілін, трэба было адказаць на 15 пытанняў. Справіліся ўсе. Але па-рознаму. Напрыклад, С. Я. Афанасьева з Бярозаўкі ўзяла балаў па-максімуму.
У супер- фінал выйшлі чатыры прэтэндэнты: В. Д. Прачуханава, І. А. Коўганаў, М. А. Лазарэнка і С. Я. Афанасьева. Яны абаранялі перад журы свой прафесіяналізм. Конкурс расставіў кропкі над «і» пры вызначэнні пераможцы.
Зазначу, што ўсе паўзы паміж конкурсамі запаўняліся выступленнямі выхаванцаў Дома дзіцячай творчасці. Што таксама надавала ўрачыстасці.
Апошняе пастраенне ўдзельнікаў Х раённага конкурса пачалося з віншавання ўсіх канкурсантаў. Дыпломы ад раённага аддзела адукацыі, прызы ад райкама прафсаюза, якія ўручала яго старшыня С. М. Дзенісенка, моладзевага аддзела райвыканкама, якія ўручаў загадчык аддзела і пераможца аналагічнага конкурса 2011 года Ю. А. Данянкоў, дырэктараў школ – усё гэта праходзіла ўрачыста і ў той жа час інтрыгуюча. Хто ж стане лідарам?
Слова бярэ намеснік старшыні райвыкакама С. А. Езерская. Яна называе прозвішча пераможцы. Ім стаў настаўнік з Лапаціцкай школы Ігар Алегавіч Коўганаў. Сапраўдны феерверк эмоцый з боку ягоных балельшчыкаў запоўніў залу. Усе віншавалі пераможцу, яму ўручылі галоўны прыз конкурса, яму апладзіравала зала, яму была ўся ўвага і ўсіх!..
В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий