Служба ў арміі – пачэсны абавязак

IMG
Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь трывала замацаваўся ў нашым грамадстве, як дадатковая магчымасць выказаць падзяку ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія яскрава пацвердзілі, што абарона Радзімы – найгалоўнейшы абавязак і гонар патрыёта сваёй Айчыны.
Мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады вайны, сталі сінонімамі сапраўднасці і сумленнасці перад сабой, сваёй сям’ёй, сваёй Радзімай. Яшчэ зусім нядаўна грамадства ў кагорту сапраўдных мужчын залічвала тых, хто служыў у войску. Наколькі змянілася сітуацыя адносна гэтых крытэрыяў і ўвогуле пра справы і функцыі райваенкамата — пра гэта мы напярэдадні свята пагаварылі з ваенным камісарам раёна А. А. ЧАРКАШЫНЫМ.
—Аляксандр Аляксандравіч, спачатку пра галоўную задачу Узброеных Сіл нашай краіны. Яна па-ранейшаму забяспечвае стратэгічнае прызначэнне – абарону Радзімы?
—Калі дакладней, дык задача гэтая гучыць такім чынам: забеспячэнне баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці і падтрыманне яе на ўзроўні, які забяспечвае выкананне задач па прызначэнню.
—А якая роля ваеннага камісарыята ў гэтым коле задач?
—Ваенкамат – гэта орган ваеннага кіравання на тэрыторыі раёна. У ягоныя функцыі закладзены такія задачы: выкананне мерапрыемстваў мабілізацыйнай гатоўнасці раёна, вядзенне ўлікова-прызыўной работы, улік ваеннаабавязаных і транспартных сродкаў, сацыяльныя пытанні, звязаныя з абаронай ваеннаслужачых, членаў іхніх сем’яў, ветэранаў Узброеных Сіл.
—Давайце спынімся на адным з накірункаў гэтай работы: тэрміновай службе. Наколькі наш раён спраўляецца з гэтай адказнай задачай?
—Райваенкамату даводзіцца план. Ён выконваецца згодна вывучэння і адбора навабранцаў, якія будуць служыць ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, на мінулы год нам трэба было адправіць на службу ў войска 53 прызыўнікоў. Мы цалкам закрылі план.
—І ў якіх войсках нясуць службу нашы землякі?
—У спецназе, войсках Міністэрства ўнутраных спраў, ракетных і артылерыйскіх, пагранічных войсках і г.д.
—Які ён, сённяшні прызыўнік?
—У большасці сваёй валодае высокімі маральна-дзелавымі якасцямі, што спрыяе яму ў арміі выконваць абавязкі, закладзеныя ў статуце Узброеных Сіл нашай краіны.
—Наколькі раённы камісарыят задзейнічаны ў рабоце па выхаванню патрыёта і як супрацоўнічае ў гэтай справе з грамадскімі фарміраваннямі?
—Мы пастаянна працуем з дапрызыўнікамі не толькі ў фарміраванні іхняй фізічнай моцы. Шэраг мерапрыемстваў з удзелам ветэранаў Вялікай Айчыннай і афганскай войнаў – гэта найлепшыя ўрокі мужнасці, якія ўплываюць на светапогляд юнакоў і, адпаведна, дазваляюць праз гонар фарміраваць у сабе патрыёта сваёй Радзімы. Мы заўсёды праз такія сустрэчы прасочваем наступную мэту – выхаванне ваенна-патрыятычнага духа ў будучых абаронцаў Айчыны. І тое, што ў адрас райваенкамата прыходзяць падзячныя пісьмы за службу нашых землякоў, сведчыць пра плён нашых агульных захадаў.
—Аляксандр Аляксандравіч, якія словы хочацца выказаць мужчынскай палове з нагоды свята?
—Найперш ветэранаў войнаў віншую са святам і жадаю ім фізічнай моцы, не губляць сваёй баявой выпраўкі і быць узорам для маладых юнакоў; хачу павіншаваць са святам усіх жыхароў раёна і пажадаць усім моцнага здароўя, аптымізму ва ўсіх справах і выказаць падзяку за добрае стаўленне да абаронцаў Айчыны; сем’ям, сыны і браты якіх служаць у арміі. Няхай заўсёды мірнае неба лунае над намі, а нашы абаронцы служаць у войску і становяцца там сапраўднымі мужчынамі і ніколі не зведаюць, што такое вайна.
—Дзякуй за размову. Вас, Аляксандр Аляксандравіч, і вашых калег па службе віншуем са святам і жадаем усяго самага найлепшага.
Правяла В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота Ул. РЫЖАНКОВА.

Добавить комментарий