Усе на лыжню!


У мінулую нядзелю на беразе ракі Проня прайшла раённая зімняя спартакіяда, удзел у якой прымалі члены пярвічных прафсаюзных арганізацый дзяржаўных і іншых устаноў.
Надвор’е ў той дзень было насамрэч годнае. Сонейка, невялікі мароз стваралі святочны, спартыўны настрой. Што, у сваю чаргу, абяцала відовішча. І яно было.
На лыжню ў той дзень сталі як «завсегдатаи» гэтага віда спорта, так і новаспечаныя аматары. Але, як паказала практыка, усе “вытрымалі” трасу. Нехта больш удала, нехта выявіў для сябе неабходнасць часцей удзяляць увагу спорту. Тым не менш, узнагароды знайшлі сваіх уладальнікаў.
Першае агульнакаманднае месца ў той дзень заняла каманда лыжнікаў райвыканкама. Другой стала каманда фінансавага аддзела райвыканкама. “Бронза” ў каманды тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання.
У асабістым заліку сярод жанчын вынікі наступныя: I месца – Вераніка Касьміна, II – Наталля Пагодзіна, III – Алена Паўленка. Сярод мужчын лепшых вынікаў дасягнуў Юрый Данянкоў, зусім крыху ад яго адстаў Станіслаў Кудлаеў, на трэцім месцы – Валерый Шмаянкоў.
Адразу пасля на лыжню сталі каманды сельскіх Саветаў, арганізацый, прадпрыемстваў, СВК.
Першай у гэтай групе аматараў лыжні стала каманда Васькавіцкага сельсавета. На другой прыступцы – каманда райбальніцы. Трэцяе месца – у каманды першай гарадской школы.
У асабістым заліку лепшы час паказалі: Надзея Сяргеенка (ЦРБ), другой стала Марта Бабкова (СДПЛ №3), і трэцяе – у Жаны Рыжанковай (Васькавіцкі сельсавет).
У мужчынскім заліку першым да фінішу прыйшоў Мікалай Флёрык (СШ № 1), другое месца – у Сяргея Пігідзіна (Васькавіцкі сельсавет), “бронза” – у Андрэя Ярмоленкі (Васькавіцкі сельсавет).
Кожны з пераможцаў атрымаў дыпломы, узнагароды.
Але галоўнае, што атрымалі ўдзельнікі спартыўнага свята, балельшчыкі і гледачы баталій, – гэта добры настрой, масу пазітыўных эмоцый і добры адпачынак.
Тэкст і фота Ул. РЫЖАНКОВА.

Добавить комментарий