Па працы
і ўшаноўванне
Раённы цэнтр культуры і народнай творчасці

ператварыўся ў эпіцэнтр вопыту, майстэрства і ўшанавання. Менавіта ў гэты дзень сюды з нагоды падвядзення вынікаў работы народнай гаспадаркі раёна за 2011 год сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў, каб праз здабыткі ў мінулым годзе ўшанаваць чалавека працы.
На свята да нас прыехалі дэлегацыі з Чэрыкаўскага, Быхаўскага, Чавускага і Краснапольскага раёнаў. Як і належыць такім мерапрыемствам, пры ўваходзе кожнага сустракалі песняй і гасцінным запрашэннем наведаць выставу, наладжаную не толькі ў стылі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а і гаспадарчага здабытку. Тут жа можна было атрымаць і майстар-клас, а што датычыцца наталення ад убачанага, то міжволі нараджалася такая выснова – здорава! На другім паверсе сваю прадукцыю прапаноўвала райпа. Тут табе і рознае печыва, і мясныя вырабы, паўфабрыкаты, падарункавыя наборы і г.д. Карацей кажучы, той, хто прыбыў на свята без запасу часу да пачатку, многае згубіў. Праўда, па заканчэнні змог убачыць што-кольвечы. Але ж заўсёды першыя ўражанні, калі ўсё толькі пачынаецца, больш эмацыйныя па свайму ўспрыняццю.
Глядзельная зала ў аншлагавым запаўненні. Пачынаецца ўрачыстасць, да якой кожны з прысутных меў прамое дачыненне, фільмам, у якім былі адлюстраваны фрагменты з жыцця раёна. Усе сферы народнай гаспадаркі знайшлі сваё адлюстраванне ў фільме. Гэтаксама займела месца ў фільме і работа па добраўпарадкаванню. Многае зроблена. І асабліва яно бачна ў такім акумуляваным фармаце, які ўмясціў у сабе дакументальны штрых. Апладысменты, якімі зала прымала працу тых, хто працаваў над фільмам, дазволілі зрабіць такую выснову: нам многае па плячы, але ж і рэзерваў яшчэ хапае па многіх накірунках дзейнасці.
Вядучая Ірына Марціновіч запрашае на сцэну кіраўніка раёна У. П. Даніленку. Уладзімір Пятровіч падвёў вынікі работы народнай гаспадаркі раёна за 2011 год, акрэсліў задачы на бягучы год. Улічваючы тое, што ў нашай вобласці, у Горках, пройдуць “Дажынкі-2012”, акцэнтавалася ўвага на тым, што выканаць планы бягучага года – гэта найлепшы ўклад раёна ў абласную скарбонку здабыткаў.
Кіраўніку раёна ўручаецца хлебны каравай – сімвал дастатку на стале. Затым слова бярэ старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Г. Ф. Шпакоўскі. Віншуючы прысутных з працоўнымі здабыткамі, гэтаксама ад імя абласной улады азадачвае працаўнікоў Слаўгарадчыны на выкананне прагнозных паказчыкаў. Групе перадавікоў Генадзь Фрыдрыхавіч уручыў узнагароды абласнога Савета дэпутатаў і абкама прафсаюза работнікаў АПК.
Прывітальнае слова выказалі і прадстаўнікі дэлегацый з раёнаў-суседзяў. Кіраўніку раёна яны ўручылі сувеніры. Ад слаўгарадчан усім гасцям паднеслі хлебныя караваі.
Кульмінацыяй свята стала цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў раённага спаборіцтва, якую правёў кіраўнік раёна У. П. Даніленка.
Напачатку на сцэну былі запрошаны старшыні гаспадарак, якія па выніках вытворча-эканамічнай дзейнасці выйшлі ў пераможцы. У гэтай намінацыі лідарства ў СВК “Наша Радзіма”. Калектыў заносіцца на раённую Дошку гонару.
Другое і трэцяе месцы ў сувязі з невыкананнем умоў спаборніцтва не прысуджаліся. У намінацыі сярод вытворчых калектываў у жывёлагадоўлі пераможцай прызнаны калектыў малочнатаварнай фермы в. Рабавічы СВК “Лясная”. Брыгадзір М. М. Сомава прымала ўзнагароды.
Сярод арганізацый галіны будаўніцтва пераможцам стаў калектыў ДРБУ-129, а таксама калектыў будаўнічай брыгады МПМК-274 (брыгадзір Л. А. Громава). Абодва калектывы гэтаксама заносяцца на раённую Дошку гонару.
Сярод арганізацый у галінах гандлю, транспарту, сувязі і сферы абслугоўвання ў пераможцы выйшаў калектыў раённага вузла электрычнай сувязі. Калектыў заносіцца на раённую Дошку гонару.
Сярод устаноў адукацыі ў пераможцы выйшлі: СШ №1, Целяшоўская базавая школа і дзіцячы яслі-садок №4. Сярод устаноў культуры ў пераможцы раённага спаборніцтва выйшла Лапаціцкая сельская бібліятэка. Кіраўнікоў арганізацый-пераможцаў шчыра вітаў кіраўнік раёна, уручыў ім узнагароды.
У намінацыі “Фізкультура і спорт” у пераможцы выйшаў калектыў райгаза. Сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў у пераможцы выйшаў Васькавіцкі сельскі Савет; сярод органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання лепшай стала стараста вёскі Урэчча. Калектыў Васькавіцкага сельвыканкама і стараста А. М. Нікіценка заносяцца на раённую Дошку гонару.
Па закупу малака ў насельніцтва лідзіруе Лапаціцкі сельвыканкам; сярод СВК – “Лясная”, на другім месцы – СВК “Прывольны”. У намінацыі “Лепшы малаказборшчык” першае месца ў малаказборшчыка з СВК “Заранскі” І. В. Суворавай, другое – яе калегі з “Прывольнага” Н. А. Бяляевай.
У намінацыі “Лепшы малаказдатчык” пераможцай названа А. А. Храмянкова з в. Красны Васход, другое месца ў Е. С. Клімянковай з в. Церахоўка. Усіх вышэйназваных пераможцаў вітаў кіраўнік раёна і ўручаў ім прадугледжаныя ўмовамі спаборніцтва ўзнагароды.
Затым на сцэну выходзяць тыя, хто названы “Лепшым па прафесіі”. Прыгожыя ленты, якія павязаны перадавікі, адлюстроўваюць гонар. Здаецца, яны надаюць свету ў зале. Кожнага з перадавікоў гэтай намінацыі вітаў кіраўнік раёна і ўручаў адпаведныя ўзнагароды, кветкі.
Былі і навацыі. Яны датычыліся намінацыі “Маладыя таленты раёна”. Група юнакоў і дзяўчат, якія прынеслі гонар раёну ў спартыўных, творчых і вучнёўскіх набытках, і іхнія педагогі прымалі падзяку і падарунак ад кіраўніка раёна. Зала вітала будучае свайго раёна шчырымі апладысментамі.
Цудоўным падарункам для лепшых працаўнікоў Слаўгарадчыны стаў святочны канцэрт, падрыхтаваны сіламі самадзейных артыстаў раёна. Заключным акордам свята стаў сімвалічны феерверк.
В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота Ул. РЫЖАНКОВА

Добавить комментарий