ІМЯ ТВАЁ – МАТУЛЯ

IMG Прэзідэнт Беларусі А.Р. Лукашэнка за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей узнагародзіў шматдзетных жанчын краіны ордэнам Маці. Сярод узнагароджаных была і слаўгарадчанка Святлана Анатольеўна ПАЎЛЮКОВА, работніца Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.
Гераіня гэтага здымка не зрабіла нейкіх навуковых адкрыццяў, не дасягнула кар’ерных вышынь. Але ж яна зрабіла значна больш – нарадзіла і выхоўвае пяцёра дзетак. У сучасны складаны эканамічны час мацярынства можна разглядаць як свайго роду подзвіг. Бо нарадзіць, выхаваць дастойных грамадзян краіны, вывесці іх у людзі, даць адукацыю – гэта, пагадзіцеся, тытанічная праца.
—Я ніколі не думала, што буду шматдзетнай матуляй. І я шчаслівая, што ў маёй сям’і ўсё склалася менавіта такім чынам, — зазначае Святлана Анатольеўна. – Усе дзеці ў нас жаданыя і мы з мужам іх вельмі любім!
У Паўлюковых чацвёра сыноў і дачушка. Старэйшаму, Юрыю, 21 год. Не так даўно ён ажаніўся і стварыў сваю сям’ю.
—За яго маё сэрца спакойна, — гаворыць матуля. –Ён самастойны, адказны, на яго можна пакласціся ў любой справе. Калі што і робіць, дык абдумана і ўзважана.
Юрый з жонкай жывуць у Магілёве, ён працуе на заводзе і вучыцца завочна ў тэхнікуме, жонка таксама вучыцца ва ўніверсітэце.
Другі сын, Дзяніс, хутка адправіцца служыць у армію. Яўген першы год вучыцца ў СДПЛ №3. Маленькая Крысціна наведвае дзіцячы садок. А з самым маленькі з Паўлюковых — двухгадовым гарэзай Дзімай матуля знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.
Вядомая справа, быць шматдзетнай сям’ёй складана. Даводзіцца старанна планаваць сямейны бюджэт, каб на ўсё хапала. Трэба кожнага дзіцяці атуліць бацькоўскай увагай і ласкай. Шмат клопату дастаўляе і ўласная гаспадарка, якая ў сям’і Паўлюковых вялікая.
—А як жа інакш, —разважае Святлана Анатольеўна. –Мы не прывыклі на кагосьці спадзявацца. Толькі на сябе. Таму і мацуем сямейны дабрабыт сваімі рукамі. Галоўны дарадца, аднадумца і памочнік – муж, Аляксандр Аляксеевіч. Але і дзеці на адстаюць, ва ўсіх хатніх справах дапамагаюць бацькам, не цураюцца любой працы.
—Паверце, — упэўнена зазначае Святлана Анатольеўна, — калі мяне абдымаюць пяць пар любімых дзіцячых рук, а іхнія вочкі зіхацяць радасцю, я адчуваю сябе самым шчаслівым чалавекам у свеце!
Тэкст і фота
Святланы БЯЛЯЕВАЙ.

Добавить комментарий