Каб папярэдзіць пажары

На мінулым тыдні пад старшынствам кіраўніка раёна У. П. Даніленкі прайшло чарговае пасяджэнне райвыканкама. На разгляд членаў выканкама выносілася 36 пытанняў з жыцця раёна. Усе яны займелі сваё вырашэнне. Дамінавала па разгляду і выпрацоўцы стратэгіі на бягучы год наступнае – аб стане пажарнай бяспекі ў раёне за 2011 год. З аналізам па сітуацыі выступіў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях А. А. Мурачоў. Як прагучала, мэтанакіраваная прафілактычная работа, якая праводзілася ў раёне з боку зацікаўленых структур, дазволіла дабіцца зніжэння пажараў і загінуўшых на іх грамадзян. 18 пажараў адбылося ў мінулым годзе ў раёне, што на 12 пажараў менш, чым у 2010 годзе. У 2010 годзе 2 чалавекі загінулі на пажарах, у мінулым – адзін чалавек. У той жа час удзельны паказчык колькасці пажараў на 10 тыс. чалавек (12,4) і гібелі на 100 тыс. чалавек (6,9) застаецца высокім і па колькасці пажараў перавышае сярэднеабласны паказчык (9,5). Галоўны пажарны раёна прывёў інфармацыю, якая пацвярджала накірункі дзейнасці аддзела па папярэджванню пажарнай бяспекі. За ёй стаяць планавыя праверкі суб’ектаў гаспадарання (36), 8 структурных падраздзяленняў і 40 пазапланавых праверак. У выніку гэтай работы да адміністратыўнай адказнасці прыцягнута 18 юрыдычных асоб, 16 кіраўнікоў і 53 пасадавыя асобы, 376 домаўладальнікаў; забаронена эксплуатацыя 12 цеплагенерыруючых агрэгатаў, 55 печаў, 32 участкі электраправодкі. У дакладзе прагучала крытыка ў адрас кіраўніцтва МПМК-274, аддзелаў адукацыі і культуры райвыканкама, райпа, бытпаслуг за недапрацоўкі па пажарнай бяспецы на падведамасных ім аб’ектах.
Крытыкуемыя трымалі справаздачы па акрэсленых недахопах. Кіраўнік раёна запатрабаваў у тэрміновым парадку ліквідаваць адзначаныя ў дакладзе недапрацоўкі і надалей пытанням пажарнай бяспекі надаваць першасную ўвагу. У рашэнні, прынятым па гэтаму пытанню, закладзены механізм і тэрміны на выпраўленне сітуацыі, намечаны мерапрыемствы па супрацьпажарнай прафілактыцы.

Добавить комментарий