Рабочая планёрка

Нарада, якая праходзіла ў панядзелак пад старшынствам кіраўніка раёна У. П. Даніленкі, па фармату свайму была вытрымана ў рамках выканкама. Пашыраны склад прысутных таксама быў на карысць вышэйназванай класіфікацыі мерапрыемства. Такі сімбіёз –планёрка-выканкам – быў прадыктаваны справамі ў аграпрамысловым комплексе.
Тыдзень таму аналагічная нарада акрэсліла захады па выпраўленню сітуацыі ў жывёлагадоўчай галіне, у падрыхтоўцы да веснавых палявых работ. Якім чынам да лепшага змянілася сітуацыя?
На гэтае пытанне ў сваім выступленні адказваў начальнік райсельгасхарчу В. Л. Ануфрыеў. Як прагучала, кардынальных зменаў у жывёлагадоўлі не адбылося. Па-ранейшаму 3 гаспадаркі «прабуксоўваюць» па вытворчасці малака і не выйшлі на ўзровень мінулага года – “Заранскі”, “Прывольны” і “Наша Радзіма”. Дэталёвым чынам разбіраліся прычыны, якія не дазволілі выйсці на мінулагодні здабытак. Кіраўнік раёна ацаніў дзеянні старшынь вышэйназваных гаспадарак у адпаведнасці з патрабаваннямі Дырэктывы №1, паводле якіх невыкананне распараджэнняў кіраўніка раёна расцэньваецца як парушэнне вытворчай дысцыпліны. Арсенал вытворчых характарыстак старшынь гаспадарак папоўніўся на вымову і патрабаванне перагледзець свае адносіны да вытворчасці.
Рамонт тэхнікі, наяўнасць пасяўнога матэрыяла, забеспячэнне механізатарскімі кадрамі, ход будаўніцтва фермаў – гэтыя пытанні былі ў эпіцэнтры ўвагі нарады.
Справаздачы кіраўнікоў раённых структур па сітуацыі за мінулы тыдзень таксама аналізаваліся. У тэзісным фармаце з некаторымі з іх пазнаёмім. Пажараў і надзвычайных сітуацый на мінулым тыдні не зарэгістравана; Сож “падрос” на 7 см, а Проня “упала” на 14 см. У сераду ў Ржаўцы прайшло выязное пасяджэнне раённага суда, у выніку якога 2 рабаўнікі асуджаны да 2 год пазбаўлення волі.
У райбальніцы на панядзелак лячылася стацыянарна 68 чалавек, з іх адзін – у рэанімацыі. Хуткая за выхадныя зрабіла 43 выезды да хворых.
В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий