І прыёмшчык, і дэпутат, і стараста…

IMG
БАРУЦЕНКА Наталля Мікалаеўна працуе ў аграгарадку Рэкта прыёмшчыкам заказаў ад насельніцтва комплекснага прыёмнага пункта. Працуе ўсяго толькі два гады, сумяшчаючы яшчэ і працу паштальёна, а ўжо заявіла пра сябе не толькі на ўзроўні раёна, а і вобласці. Учора ёй уручалі Ганаровую грамату Магілёўскага аблвыканкама ў сувязі с прафесійным святам.
Годам раней – аналагічнай граматай яна была ўзнагароджана абласным аб’яднаннем “Бытпаслугі”. Здаецца, за такі прамежак працы хіба толькі становяцца ў каляіну працоўных здабыткаў. Але ж Наталля Мікалаеўна, па адукацыі закройшчык, якую атрымала ў Бабруйскім вучылішчы бытавога абслугоўвання, закончыўшы яго ў 1985 годзе, засвоіла адно правіла: пад ляжачы камень вада не цячэ. Яна працавала ў быткамбінаце пасля заканчэння вучылішча, мацавала сваё майстэрства. Выйшла замуж і пераехала жыць у Рэкту, дзе і сёння жыве і працуе. Быў час пошуку сябе. Але ж ніколі яна не сядзела без справы. Характар такі, што да ўсяго ёсць справа.
Сёння на прыёмным пункце Рэкты можна выканаць ўсе 11 бытавых паслуг, прадугледжаных сацстандартамі. Яна не праміне заглянуць у часопісы і сваімі рукамі зрабіць розныя падзелкі, якія ўпрыгожваюць яе рабочае месца, а наведвальнікам ствараюць настрой.
У раёне 8 сельскіх КПП. Рэкцянскі – лепшы з іх. Калі сярэдняя выручка за месяц па сельскіх КПП складае 3,4 мільёна рублёў, у Рэкцянскім – 4,3 мільёна.
Працуючы на паўстаўкі на КПП, Наталля Мікалаеўна разам з дастаўкай пошты прапаноўвае і тавар ад бытоўкі.
Дырэктар УКП “Бытпаслугі” Р. А. Лысянкова задаволена працай Т. М. Баруценка. “Гэта наш гонар і арыенцір”, — такім чынам ахарактарызавала яе ўвішнасць дырэктар. А ў Наталлі Мікалаеўны яшчэ і сям’я, у якой трое дзяцей і ўнук. Да таго ж яна з’яўляецца дэпутатам Свенскага сельскага Савета, старастай вёскі Перагон. Вось такая жанчына-“рухавік” жыве і працуе ў Рэкце, несучы людзям прыемныя сустрэчы на паслугі і асабісты кантакт. Са святам Вас, Наталля Мікалаеўна! Няхай і надалей у Вас гэтак жа паспяхова складваецца па жыцці.
В. ПРОНІНА.
Фота аўтара

Добавить комментарий