Прадстаіць сур’ёзная праца

Чарговая, дваццатая, сесія райсавета прайшла ў мінулую пятніцу. Вяла яе работу старшыня райсавета дэпутатаў Т. П. Кананчук. У рабоце сесіі прынялі ўдзел: кіраўнік раёна У. П. Даніленка і старшыня камітэта па працы, занятасці і сацабароне Магілёўскага аблвыканкама С. П. Тарасенка. Дэпутацкі корпус разгледзеў 13 пытанняў з жыццядзейнасці раёна. Усе яны займелі сваё вырашэнне.
Напачатку сесіі кіраўнік раёна выканаў прыемную місію – уручыў старшыням Васькавіцкага і Гіжэнкаўскага сельвыканкамаў Дыпломы пераможцаў у раённым спаборніцтве аглядавых камісій па супрацьпажарнай рабоце.
Улічваючы тое, што справаздачы аб рабоце раённага выканаўчага камітэта па сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёна ў 2011 годзе і прэзідыўма райсавета дэпутатаў па павышэнні ролі органаў мясцовага самакіравання ў рашэнні пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва ў 2011 годзе напярэдадні сесіі былі надрукаваны ў райгазеце, адразу ж пачалося абмеркаванне справаздач.
Кіраўнік раёна ў той дзень на чале дэлегацыі павінны быў прыняць удзел у абласным злеце перадавікоў, таму сваім выступленнем распачаў абмеркаванне. Уладзімір Пятровіч прааналізаваў вынікі за мінулы год, выказаў свае адносіны да недавыканання некаторых прагнозных паказчыкаў (з 12 па 9 склалася выкананне), засяродзіў увагу на задачах, якія прадстаіць рашаць у бягучым годзе раёну. І як найпершасная з іх – рост заробка, які вынікае з выканання прагнозных паказчыкаў і патрабуе значнага росту. Закрануў і такі жыццёва важны параметр, як сацыяльныя стандарты, якія павінны ў бягучым годзе займець больш якаснае вымярэнне.
У абмеркаванні справаздач прынялі ўдзел дэпутаты райсавета: І. М. Гарэлікаў, старшыня СВК “Наша Радзіма”; Н. Д. Лукашова – намеснік дырэктара — начальнік аддзела рознічнага і карпаратыўнага бізнеса ЦБУ № 723; М. М. Чумакоў – дырэктар Свенскай СШ; Г. М. Максімава – дырэктар аўтаклуба аддзела культуры райвыканкама; С. В. Ткачова – загадчыца Свенскай ўрачэбнай амбулаторыі. Кожны з іх даваў ацэнку рабоце райвыканкама і прэзідыума райсавета, у асноўным яна была здавальняючай. Узнімалі дэпутаты і праблемныя пытанні, вырашэнне якіх хвалюе насельніцтва раёна. Напрыклад, Свенскі ФАК, дзе зімой ужо шмат год складана праводзіць спартыўныя мерапрыемствы з-за праблем з ацяпленнем. Праблема гэтая ўжо, як кажуць, з барадой.
С. П. Тарасенка ахарактарызавала мінулы год як складаны ў эканамічным аспекце, але ж стабільнасць у краіне была захавана, што з’яўляецца стрыжнем для дынамічнага яе развіцця. Сёння ў рэспубліцы ўзяты курс на рост дабрабыту чалавека. І заробак у гэтым аспекце ўзведзены ў ранг першаступенных задач. За мінулы год наш раён па ўзроўню заробка па вобласці заняў 20-ю пазіцыю. Раёну прадстаіць сур’ёзна папрацаваць, каб задзейнічаць усе магчымыя варыянты заахвочвання чалавека працы ў бягучым годзе. Т. П. Кананчук падвяла вынікі сесіі і засяродзіла ўвагу на пытаннях навядзення парадка на зямлі, запрашаючы сваіх калег да плённай працы на карысць раёна.
В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий