У “Сяльчанкі” здабыткаў і планаў нямала…

На мінулым тыдні ў зале пасяджэнняў аддзела адукацыі прайшла сходка актыўных і няўрымслівых жанчын, якія аб’яднаны “ветразямі” грамадскай арганізацыі “Сяльчанка”. Два гады мінула з дня яе заснавання. Чаго дамагліся, якія планы намецілі на бягучы год? Адказы на гэтыя пытанні прагучалі ў справаздачы старшыні прэзідыўма “Сяльчанкі” Т. А. Гурынай. Як прагучала, у складзе арганізацыі налічваецца 40-45 чалавек. Чаму няма канкрэтнай колькасці ў членстве? А таму, што арганізацыя – як той жывы арганізм. Нікому не зачынены дзверы: можна выйсці па нейкіх прычынах з членства, а можна ў любы час стаць членам “Сяльчанкі”.
Першы год, як зазначыла выступоўца, члены прэзіды ўма займаліся, прымяняючы сучасны слэнг, піярам. Так бы мовіць, раскручвалі поле дзейнасці арганізацыі, займаліся арганізацыйнымі пытаннямі. Другі год – год карысных спраў для членаў арганізацыі. І было іх нямала. Усе яны былі падпарадкаваны галоўнай ідэі стварэння арганізацыі: сваімі рукамі – да паспяховага жыцця.
Кожны накірунак дзейнасці арганізацыі менш за ўсё прасочваў фемінісцкія мэты , але ж пры гэтым не скідваў з вагаў рэчаіснасці такую думку: жаноцкая актыўнасць і салідарнасць могуць паўплываць на фарміраванне ў грамадстве здаровых амбіцый і самасвядомасці.
Жанчыне дадзена бачыць прыгожае ў больш шырокім аспекце, чым мужчыне. І гэтую акалічнасць члены арганізацыі ўвасабляюць у жыццё, калі ўшчыльную заняліся самаадукацыяй, стварэннем клубаў па інтарэсах, упрыгожваннем навакольнага асяродка.
Адзін штрых напрацовак быў прадэманстраваны і падчас апошняй сустрэчы: Таццяна Чабатар частавала сваёй салодкай прадукцыяй — тартамі, выпечкай якіх займаецца з дапамогай цуда-печкі, якую набыла за кошт спонсараў цягам напісання і абароны праекта. Зрэшты, такіх прыкладаў – не адзінкі. Нехта праз праект набыў цяпліцу і з цягам часу члены арганізацыі не будуць мець праблем з расадай кветак і г.д.
Члены клуба распрацавалі план мерапрыемстваў на бягучы год, прынялі некалькі чалавек у сваю кагорту, вызначылі склады клубаў па інтарэсах, а напрыканцы даверылі “руль” арганізацыі і на бягучы год Т. А. Гурынай.
В. УЛАДЗІМІРАВА

Добавить комментарий