РАБОЧАЯ ПЛАНЁРКА Ў КІРАЎНІКА РАЁНА

Чырвонай ніткай на чарговай планёрцы ў кіраўніка раёна У. П. Даніленкі прайшла тэма навядзення парадка на зямлі. Паводле ацэнкі, сітуацыя з гэтымі работамі ў раёне пакуль яшчэ нават пачатковай стадыі не займела. Санітарныя дні, актыўнасць прыватнага сектара – усё гэта пакуль у рэжыме жадаемага. Адпаведныя службы, якія павінны стаць лакаматывам у гэтым накірунку, гэтаксама не наладзілі як след работу. У выніку пейзажы, якія адкрыла зімовая коўдра, не радуюць вока. Ды і дарогі – праблема з праблем. За ўсе гэтыя недапрацоўкі начальнікі кантралюючых структур і тыя, хто непасрэдна павінны былі жыць гэтым вясновым клопатам, атрымалі адміністрацыйныя спагнанні. На планёрцы было агучана распараджэнне райвыканкама, якім прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў па навядзенню парадка на зямлі. Гэтае распараджэнне змяшчаем у гэтым нумары газеты для больш прадметнага знаёмства з ім. Зрэшты, як і для аператыўнага прыняцця мер па навядзенню парадка. Далей планёрка праходзіла ў традыцыйным фармаце.
Дырэктар жылкамгаса паведаміў, што ад насельніцтва раёна на мінулым тыдні ў камунгас паступіла 111 заявак, з іх 49 – па жылфондзе. Па 47 з іх праблемы зняты. У аператыўным плане вырашаюцца пытанні падтаплення падвалаў у Свенску. На гарадскіх могілках работнікі службы наводзяць санітарны парадак. Час і родным пахаваных звярнуць увагу на аб’екты апошняга жыццёвага прытулку.
Па інфармацыі старшыні райпа, на дадзены момант у крамах раёна не існуе праблем з таварамі паўсядзённага попыту; служба займаецца касметычным рамонтам магазінаў №8 і №11. Квартальны план па рознічнаму тавараабароту сістэмай выкананы. Кіраўнік раёна ўказаў на недастатковасць асартымента будаўнічых матэрыялаў у магазіне «Гаспадарчыя тавары».
Тэма небяспекі жыцця людзей разглядалася ў такім разрэзе як устаноўка аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у домаўладаннях адзінокіх састарэлых, мнагадзетных і асацыяльных сем’ях. Сацыяльная служба трымае пад кантролем гэтую работу і даведзенае заданне ў гэтым аспекце выконвае. Што датычыцца рамонту пячнога ацяплення, то тут яшчэ прадстаіць прыкласці сілы. І ў плане дазволу на гэтыя работы з боку тых, хто мае патрэбу ў рамонтных работах.
Дэкрэт №18 і захады па ягонаму выкананню ў раёне – традыцыйная тэма размовы. За сакавік абавязаныя асобы на 43,8 працэнта вярнулі затраты на ўтрыманне сваіх дзяцей ў сацустановах. Работа з гэтым кантынгентам з боку адпаведных раённых службаў займела кропкавы механізм, што дазволіла ўзяць гэтых людзей пад больш жорсткі кантроль адносна працы і, адпаведна, палепшыць сітуацыі з асацыяльным сіроцтвам у раёне.
Вясеннія палявыя работы ў сельгасарганізацыях раёна выйшлі на фінішную прамую. Кіраўнік раёна паставіў задачы па іх актывізацыі. Не ўпусціць аптымальныя тэрміны з падкормкай раслін і пашаў, вывезці і ўнесці арганіку, падсеяць травы, ушчыльную заняцца абрэзкай садоў, уключыць у агульны севаабарот пустуючыя ўчасткі – гэта толькі некаторы пералік работ, якія вымагаюць аператыўнасці ў вырашэнні. Вясновы дзень год корміць. Гэткі афарызм сёння актуальны не прыгожым словам, а канкрэтнай справай запатрабаваны жыццём. Бо толькі праз працу, пры тым шчырую, можна весці размову пра дабрабыт у доме.
Напрыканцы планёркі адбылося пасяджэнне райвыканкама, на якім былі разгледжаны пытанні размеркавання жылля і стварэння прыёмных і апякунскіх сем’яў.
В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий