Сырны фэст


Стабільнае развіццё рэгіёнаў, якія пацярпелі ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы, — на гэтым будуецца дзяржаўная палітыка Беларусі. Але ж пры гэтым не адмаўляецца роля прыватніка, які пражывае ў такіх раёнах. На прыкладзе нашага раёна можна пра гэткі працоўны энтузіязм гаварыць у больш высокай танальнасці. І таму пацвярджэннем стаў фэст “Гаспадарчыя сыры”, які прайшоў у мінулую нядзелю ў Слаўгарадзе. Ініцыятарамі фэста выступілі: райвыканкам і райсавет дэпутатаў, мясцовы фонд развіцця сельскіх тэрыторый “Адраджэнне-АГРА”. Правядзенню гэтага масавага мерапрыемства папярэднічала працяглая работа па праекту “Развіццё сельскіх тэрыторый”, які быў ініцыяваны сяльчанамі раёна. У ліпені мінулага года стартаваў праект, які быў накіраваны на адраджэнне традыцый вытворчасці сыра хатняй вытворчасці. Мясцовы фонд “Адраджэнне-АГРА” правёў шырокую інфармацыйную кампанію па выяўленню патэнцыяльных сыравараў. Прэзентацыя праекта адбылася падчас свята Макавей, якая наладжваецца ля “Блакітнай крыніцы” 14 жніўня. У той дзень не толькі давялі пра праект, а і ўжо прапанавалі смачную сырную прадукцыю і якая ўспрынялася найлепшым чынам — распрадалі ўсё. Далей былі раённыя кірмашы, дзе сыравары ўжо гучней заяўлялі пра сябе, дазваляючы пакупнікам набыць больш шырокі асартымент сырнай прадукцыі.
І вось чарговае свята прыватнага падворка, якое было пазначана своеасаблівай дэманстрацыяй працавітых рук. Фэст праходзіў на адкрытай пляцоўцы РЦК і НТ. Мала што ні па перыметру плошчы, дзе ладзілася мерапрыемства, былі разгорнуты гандлёвыя шэрагі, дзе прадавалі сваю прадукцыю мясцовыя сыравары, а таксама майстры лазапляцення, розных падзелак, ад якіх складана была адарваць вачэй, не кажучы, што прайсці міма. Адметным быў і такі нюанс як майстар-класы, калі на тваіх вачах нараджаліся прыгожыя і карысныя для побыту прадметы. Куплялі, вучыліся і, чаго хаваць, зайздросцілі вось такім рупліўцам, плён працы якіх забяспечвае і дабрабыт.
Сельскія падворкі пад патранатам сельвыканкамаў таксама прапаноўвалі сваю прадукцыю. Тут табе і бульбачка была, і морква, і зерне, не кажучы ўжо пра разнасолы, прыгатаваныя рукамі гаспадынь і закаркаваныя ў слоікі. А якую выпечку можна было набыць! Смаката! Пакупнікі губляліся ў выбары, бо прапаноў было безліч.
Кіраўніцтва раёна і дырэктар міжнароднага фонда развіцця сельскіх тэрыторый, каардынатар праекта Тарасюк С. В. прымалі ўдзел у фэсце. Тут жа працавала і журы, якое ацэньвала смакавыя якасці сыроў. Апошніх на фэсце было прадстаўлена 20 гатункаў з 9 падворкаў. Журы вызначыла лепшыя сыры. І хаця, як кажуць, на смак сяброў не бывае, але ж пры вызначэнні пераможцаў члены журы вызначыліся адзінадушна. Цырымонію узнагароджвання правялі кіраўнік раёна У. П. Даніленка і старшыня райсавета дэпутатаў Т. П. Кананчук. Апроч дыпломаў пераможцы, а імі сталі: у намінацыі “Лепшы сыр” – Л. В. Ерафеева з аграгарадка Гіжэнка, у намінацыі “За арыгінальнасць” – М. І. Бондарава з аграгарадка Лапацічы; у намінацыі “За адраджэнне сырных традыцый” Т. І. Цвярдова з вёскі Рудня — атрымалі і каштоўныя падарункі – сепаратары. Усе ўдзельнікі конкурса былі ўзнагароджаны дыпломамі арганізатараў фэсту. На фэсце красамоўна было прадстаўлена спалучэнне творчасці і руплівасці. Калі, скажам, гаспадары асабістых падворкаў прапаноўвалі сырную прадукцыю, то ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці ўзнімалі настрой на добрую песню. Выступалі калектывы мастацкай самадзейнасці не толькі РЦК і НТ, а і сельскіх устаноў культуры, што надавала каларыту канцэртнай праграме. На ноце інтрыгі прайшоў розыгрыш бяспройгрышнай латарэі, бо ніхто не ведаў, што ж чакае ўладальніка латарэі. Усе выйгрышы былі вытрыманы згодна тэматыкі фэста. Аўтар гэтага матэрыяла выйграла рэцэпты сыроў хатняй вытворчасці. Мо якраз і з гэтай нагоды свой патэнцыял раскрыю з цягам часу. Хто ведае!
А тое, што свята сыроў атрымалася – гэта факт. Пра што сведчылі і водгукі гасцей горада, якія прыехалі з розных рэгіёнаў Беларусі. Балазе, святочныя дні таму спрыялі. Гэты фэст яскрава прадэманстраваў, што кожны можа знайсці сабе справу па душы. Было б толькі жаданне. Упэўнена, што фэст многіх пераканаў у жыццёвай мудрасці: пад ляжачы камень і вада не цячэ. І што толькі ўласнымі рукамі можна палепшыць свой дабрабыт і жыць жыццём стваральніка, а не чухаць за патыліцай, чакаючы манны нябеснай…
В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий