З юбілеем

У нашым агульным доме – раёне –IMG свята, да якога маюць дачыненне ўсе, хто жыве на Слаўгарадчыне. Не буду інтрыгаваць, а зазначу адносна падзеі такім чынам: раённай газеце – 80 год.
Узрост салідны па мерках чалавечага жыцця, а для газеты хіба толькі чарговая прыступка на інфармацыйнай дарозе, якую нам не дадзена вымерыць. Больш жыве надзея на доўгі шлях, пачатак якому быў пакладзены ў далёкім 1932 годзе.
Робячы экскурс у гісторыю газеты, хочацца сказаць наступнае: газета ва ўсе часы выконвала і працягвае выконваць сваю галоўную функцыю – інфармаваць насельніцтва пра жыццё раёна і краіны ў цэлым.
Шэраг рэдактараў узначальвалі рэдакцыю. Асабіста мне давялося пачынаць свой працоўны шлях у рэдакцыі, калі рэдактарам рабіў Мікалай Дзянісавіч Каралёў. Стыль ягонага кіраўніцтва назаўсёды лёг у маё сэрца, бо ён вызначаўся цеплынёй і бацькоўскай спагадай. Затым рэдактарам працаваў Генадзь Сямёнавіч Старавойтаў, ад якога ўзяла скрупулёзность, з якой ён ставіўся да газеты. Пётр Цімафеевіч Балукоў і Іван Іванавіч Ганчароў таксама пакінулі свой след у маёй біяграфіі, як і рэдакцыі газеты. Першы – паблажлівасцю да работнікаў, другі – прынцыповасцю да працы. Мне помніцца і сёння так званая “ўзбучка” па правапісу слова раніцой (правапіс гэтага слова існаваў да 1953 года).
Затым газету ўзначальваў Аляксандр Дзмітрыевіч Маліноўскі, які праз гумар мог узняць настрой, калі ў матэрыяле хтось з супрацоўнікаў дапусціў памылку. А ад ягонай формы звароту да работнікаў патыхала бацькоўствам. Кіраўніцтва рэдакцыяй Іванам Іванавічам Сурманам у мяне асацыіруецца з сапраўднай творчасцю, якой ён зараджаў нас, маладых і нявопытных журналістаў. Менавіта ён “загадаў” мне паступаць вучыцца на журналіста. І ягоны “загад” мной быў выкананы. Далей рэдактарствавала Валянціна Цітаўна Ігнатава. На яе творчы лёс выпаў найскладанейшы час у жыцці рэспублікі, як і рэдакцыі. Але ва ўласцівай ёй манеры дыпламата яна магла, як кажуць, разводзіць палітычныя “масты”, з гонарам адстойвала прэстыж газеты. Затым “руль” газеты атрымаў Уладзімір Іванавіч Ганчароў, паслядоўнік прынцыпаў работы свайго бацькі і ў той жа час не пазбаўлены быў стылю лібералізму.
Ужо адзінаццаты год як я ўзначальваю раёнку. Нам разам з Уладзімірам Іванавічам прыходзілася працаваць у час пераходу на новыя тэхналогіі па выпуску газеты. Ужо друкарня для нас – анахранізм. Сёння тэхнічнае сэрца рэдакцыі – аператарская, дзе камп’ютары замяняюць лінатып, на якім набіраўся тэкст і “выходзіў” з яго ў выглядзе металічных пластын. А затым складалася з гэтых пластын газета, падняць якую было вельмі складана, каб перанесці яе на друкаваную машыну. Мы забыліся, што такое перадаваць па тэлетайпу газету ў абласную друкарню. Сёння ўсё выконвае камп’ютар. Адзінае, што застаецца ўжо шмат год без змен, – гэта творчы дух калектыва, ягонае жаданне кожнаму выхаду газеты надаць сваю “разынку”, сваю непаўторнасць. Так было раней, так сёння ёсць, і, мяркую, так яшчэ доўга будзе. Бо газета без гэтага не зможа быць цікавай чытачу.
Сёння калектыў рэдакцыі невялікі – 11 работнікаў, з іх 5 – творчыя супрацоўнікі. Кожны – цікавы творца і не менш цікавы чалавек. Таму мне, як галоўнаму рэдактару, прыемна працаваць са сваімі аднадумцамі, людзьмі, якім не бракуе адказнасці і пачуцця любові да чалавека.
Ад усяго сэрца хачу падзякаваць кіраўніцва раёна, нашых партнёраў, работнікаў ідэалагічнага аддзела райвыканкама, няштатных карэспандэнтаў за дапамогу і разуменне. Чытачоў раёнкі за тое, што застаецеся вернымі свайму выбару ў вялікай інфармацыйнай прасторы.
Хочацца пажадаць усім вам, калектыву раёнкі заўсёды мець моцнае здароўе і не менш моцную сілу духа. Пры такім спалучэнні любыя планы і задачы будуць нам пад сілу, а кожны новы дзень будзе напоўнены апымізмам.
Валянціна ЕЗЕРСКАЯ,
галоўны рэдактар райгазеты “Прысожскі край”.
НА ЗДЫМКУ: сёння газеце— 80, а калектыву, які яе робіць, да гэтага ўзросту яшчэ
крочыць і крочыць.

Добавить комментарий