І гімны трох краін Гучалі


9 мая Слаўгарадчына, як і ўвесь прагрэсіўны сусвет, адзначала 67-ю гадавіну Вялікай Перамогі. Урачыстасць у нашым раёне праходзіла пад знакам салідарнасці і братэрства ў барацьбе з фашысцкімі акупантамі. Тады мы былі адной сям’ёй вялікага Савецкага Саюза. І змагаліся за мірнае неба таго Саюза. Больш за 10 тысяч савецкіх воінаў падчас вайны загінулі на слаўгарадскай зямлі. Многія імёны загінуўшых і сёння яшчэ невядомыя. Пошукавыя атрады па крупінках устанаўліваюць іх імёны, ушаноўваючы памяць на абелісках.
У дзень 67-й гадавіны Вялікай Перамогі ў наш раён прыехалі дэлегацыі з Расійскай Федэрацыі, а дакладней з Ніжагародскай вобласці, і прадстаўнікі армянскай дыяспары, якія пражываюць у Беларусі. Яны прыехалі, каб ушанаваць памяць землякоў, якія загінулі на нашай зямлі і імёны некаторых з іх папоўнілі спіс герояў.
Пад гукі духавога аркестра калона на чале з ветэранамі Вялікай Айчыннай і Афганскай войнаў, кіраўніцтвам раёна і гасцямі рушылі на святую для жыхароў горада мясціну, дзе пахавана 870 савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні Слаўгарадскага раёна. 55 новых імён устанавілі дзякуючы пошукавай рабоце, і ўсе яны занесены на мемарыяльную пліту, якая была ўстаноўлена напярэдадні свята ля абеліска, што ў гарадскім парку. Урачыстае адкрыццё яе праходзіла з удзелам кіраўніцтва раёна і прадстаўнікоў урада Ніжагародскай вобласці. Капсула з зямлёй з Ніжняга Ноўгарада, якая была закладзена побач з мемарыяльнай плітой, сімвалізавала вечную дружбу паміж брацкімі народамі. Адкрыццё помніка армянскаму воіну Чэхік’яну Хачыку Самуілавічу, астанкі якога былі знойдзены ў наваколлі Слаўгарада, таксама прайшло ў той дзень. Святар Уладзімір правёў літургію па загінуўшых на вайне і асвяціў мемарыяльную пліту і помнік.
Гімны трох краін – Беларусі, Расіі і Арменіі — гучалі ў той дзень ля абеліска пры адкрыцці мітынга з нагоды свята Вялікай Перамогі.
З прывітальнай прамовай да прысутных звярнуўся кіраўнік раёна У. П. Даніленка. Ад расійскай дэлегацыі выступіў кіраўнік прадстаўніцтва губернатара і ўрада Ніжагародскай вобласці С. А. Пятроў; ад армянскага боку – А. М. Хачатран, старшыня Магілёўскага абласнога армянскага грамадскага аб’яднання “Масіс”. Ад ветэранаў вайны выступіў Ф. У. Шкірманкоў. Віншавалі ветэранаў вайны і прадстаўнікі моладзевых і дзіцячых арганізацый. Кожнае выступленне было пранізана болем за чалавечыя ахвяры ваеннага ліхалецця, а таксама гонарам за гераізм савецкіх воінаў і насельніцтва ў цэлым, якія былі праяўлены ў барацьбе за сваю незалежнасць, за будучае Савецкага Саюза.
Валанцёры СШ №2 пад эгідай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа ўручылі ветэранам вайны віншаванні і святочныя сувеніры.
Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць усіх загінуўшых у гады вайны ўдзельнікі мітынга. Закрыццё яго суправаджалася гучаннем дзяржаўных гімнаў трох краін, якія поруч з іншымі краінамі змагаліся з фашысцкімі захопнікамі.
Затым святочная праграма працягвалася на адкрытай пляцоўцы РЦК і НТ, а таксама на гарадскім стадыёне. Канцэрт мастацкай самадзейнасці падарыў хвіліны прыемных уражанняў. А ўвечары на гэтай жа пляцоўцы гучалі песні ваеннай тэматыкі. Мы танчылі пад мірным небам і кожны паасобку дзякаваў за гэткі мірны дзень, за шчасце жыць у сваёй краіне і будаваць сваё будучае.
В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота Ул. РЫЖАНКОВА.

Добавить комментарий