Планёрка ў кіраўніка раёна

І чарговую планёрку кіраўнік раёна У. П. Даніленка распачаў з вынікаў работы па навядзенню парадка на зямлі і добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Вастрыня пытання была звязана і з надыходзячым святам — Днём Перамогі. У гэты дзень у раён прыязджае шмат гасцей. І, так бы мовіць, прыватным гаспадарам уласціва сустракаць парадкам у сваім доме. Інфармацыі па маніторынгу зрабілі: начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і начальнік землеўпарадкавальнай службы раёна. У выніку былі выяўлены “слабыя звенні” у праводзімай рабоце і адпаведна ўбачыў свет план мерапрыемстваў па іх ухіленню. Як рэзюмаваў па тэме кіраўнік раёна, іншага шляху не дадзена. І той, хто думае збочыць з гэтай дарогі, глыбока памыляецца. Навядзенне парадка на зямлі – гэта задача, якая пастаўлена Прэзідэнтам краіны і яе вырашэнне будзе жорстка кантралявацца.
Далей размова была скіравана ў рэчышча надзённых праблем раёна. Як паведаміў дырэктар жылкамгаса, у адрас службы за мінулы тыдзень ад насельніцтва паступіла 103 заяўкі, з іх 43 – па жылфонду. Усе яны ў аператыўным плане вырашаны. Зараз займаюцца планавым рамонтам кацельнай гаспадаркі. Кіраўнік раёна карэкціраваў захады па рамонту дарог, падкосцы пустазелля і г.д.
Старшыня райпа ў сваёй справаздачы паведаміў, што за красавік прагнозны паказчык па тавараабароту выкананы ў працэнтным эквіваленце на 109,8 працэнта (заданне – 105,5), у сумарным – 6 мільярдаў 36 мільёнаў рублёў. Крытычнай групы тавараў у крамах раёна не назіраецца, у хуткім часе распачнуцца работы па будаўніцтву магазіна ў новым мікрараёне.
Прагучала і такая інфармацыя: сёння ў крамах раёна адноўлена сістэма продажу тавараў першай неабходнасці ў крэдыт, за выключэннем гарэлачных і табачных вырабаў. На суму 300 тысяч рублёў на аднаго пакупніка прадугледжана пазыка.
У райбальніцы на панядзелак лячылася ў стацыянары 76 чалавек, з іх 1 – у рэанімацыі, “хуткая” зрабіла 89 выездаў, што крыху больш, чым на мінулым тыдні .
Як стала вядома, у бліжэйшы час, як толькі спадзе вада, пройдзе раённы суботнік “Чысты бераг”, падчас якога будзе наведзены парадак на прыбярэжных тэрыторыях. Закраналася і тэма знешняга выгляду кіёскаў прадпрымальнікаў, аналізавалася работа па стварэнню аграсядзіб, са зваротамі грамадзян і г.д.
Напрыканцы быў прааналізаваны пратакол даручэнняў за мінулы і выпрацаваны на бягучы тыдзень.
В. УЛАДЗІМІРАВА

Добавить комментарий