Раёнка прымала віншаванні


У панядзелак, 7 мая, супрацоўнікі раённай газеты “Прысожскі край” былі ў эпіцэнтры ўвагі. На ранішняй планёрцы кіраўнік раёна У. П. Даніленка прывітаў галоўнага рэдактара В. У. Езерскую з нагоды 80-годдзя выхаду першага нумара раёнкі. У другой палове дня ў зале пасяджэнняў раённага аддзела адукацыі была наладжана святочная праграма. У актавай зале госці раёнкі змаглі пазнаёміцца з выставай, прадстаўленай газетамі мінулага і сённяшняга дня, а кожны жадаючы змог пакінуць свой запіс-пажаданне калектыву раёнкі на лісце вялікага фармату. Яго мы захаваем да будучага юбілею.
А гасцей у той дзень у рэдакцыі было шмат. Кіраўнік раёна У. П. Даніленка, начальнік ідэалагічнага ўпраўлення Магілёўскага аблвыканкама А. М. Кунцэвіч, старшыня райсавета дэпутатаў Т. П. Кананчук, намеснік старшыні райвыканкама С. А. Езерская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама А. М. Шаўцова, старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа М. У. Даніленка, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, выхаванцы і дырэктар цэнтра дзіцячай творчасці М. Г. Жураўлёва, садкоўцы №3 са сваёй загадчыцай Т. П. Аляхновіч, ветэраны рэдакцыі, няштатныя карэспандэнты раёнкі. Увогуле, каб пералічыць усіх нашых гасцей, то нямалая газетная плошча запатрабуецца.
Вось у такой цёплай сяброўскай абстаноўцы праходзіла ўшаноўванне калектыва раёнкі – галоўнага выдання, якое ўжо шмат год з’яўляецца інфармацыйнай крыніцай для насельніцтва Слаўгарадчыны.
Кіраўнік раёна зачытаў прывітальны адрас рэдакцыі, уручыў падарунак і кветкі галоўнаму рэдактару газеты. Начальнік ідэалагічнага ўпраўлення А. М. Кунцэвіч уручыў прывітальны адрас ад намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама В. А. Малашкі, а таксама Ганаровую грамату ідэалагічнага ўпраўлення і каштоўны падарунак, такі неабходны для рэдакцыі, – камп’ютар.
Старшыня райсавета дэпутатаў і адначасова старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» Т. П. Кананчук апроч падарунка рэдакцыі прывітала няштатных карэспандэнтаў газеты і ўручыла ім грашовыя прэміі.
У той дзень кожны прысутны вітаў калектыў раёнкі з юбілеем, выказваў свае пажаданні. Яркімі і незабыўнымі былі ўсе выступленні, але ж хочацца выдзеліць пры гэтым выступленні садкоўцаў і выхаванцаў цэнтра дзіцячай творчасці. Іхнія танцы і літмантаж краналі за сэрца, бо адлюстроўвалі дзіцячую шчырасць і непасрэднасць, за што хочацца выказаць ім вялікі дзякуй, за сувеніры — таксама.
Вядучымі свята выступілі: намеснік рэдактара райгазеты Уладзімір Рыжанкоў і першы сакратар райкама «БРСМ» Вікторыя Гарадзецкая. На мой погляд, яны выканалі сваю місію як і належыць.
У выступленні рэдактара В. У. Езерскай прагучала падзяка ўсім, хто прыйшоў з добрым словам да нашага калектыва. Песняй “З днём нараджэння”, якую выканала Галіна Купрыянцава, закончылася свята. А яшчэ – імянінным тортам са свечкамі, які ў руках рэдактара газеты сімвалізаваў еднасць калектыва і творчасць, якую ён запальвае штодзённым выхадам раёнкі. Дзякуй старшыні райпа А. І. Таранаву і загадчыцы аб’яднання грамадскага харчавання А. І. Цярэшчанка, майстрам салодкага шэдэўра за ўвагу да нашага калектыва. Мне прыемна зазначыць, што ўсе, хто прыйшоў на наша свята, альбо тэлефанаваў з нагоды юбілею, былі салідарнымі ў адным –раёнка павінна жыць і мяняцца да лепшага з кожным нумарам. Дзякуй усім вам за сяброўскія парады, за добразычлівасць, з якой вы паставіліся да калектыва рэдакцыі ў яе 80-гадовы юбілей.
В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота Т. КАВАЛЁВАЙ

Добавить комментарий