Ветэраны ўспамінаюць…

IMG
Стала добрай традыцыяй напярэдадні свята Вялікай Перамогі кіраўніцтвам раёна наведваць ветэранаў вайны. Пры адной такой сустрэчы давялося прысутнічаць. Кіраўнік раёна У.П. Даніленка пабываў у сям’і Бобавых – Паўла Паўлавіча і Юліі Аляксееўны. Абодва ў пасляваенны час настаўнічалі, а Павел Паўлавіч прайшоў дарогамі вайны: пачынаў ваяваць 9 жніўня 1941 года і закончыў у пераможным 1945 годзе.
Ваяваў у складзе 1021 стралковага палка 307 стралковай дывізіі ў званні лейтэнанта. Ваяваў пад Мінскам, вызваляў Польшчу і ўдзельнічаў у баях на тэрыторыі Германіі. Быў цяжка паранены, узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны першай і другой ступеняў. У той дзень да бацькоў прыехаў іхні сын са сваёй дачкой. Размова, якая адбылася ў Бобавых, дазволіла зрабіць наступную выснову: старэйшае пакаленне і сёння поўнае аптымізму, бо яно прайшло праз выпрабаванні і яму ёсць што ўспамінаць і з чым параўноўваць.
Паўлу Паўлавічу пайшоў 92-гі год, ягонай спадарожніцы — крыху меней. Праз сваё сумеснае жыццё пранеслі галоўнае правіла: падтрымліваць адзін аднаго.
Кіраўнік раёна павіншаваў Бобавых са святам Перамогі і ўручыў гаспадыні дома кветкі, а гаспадару – харчовы набор. Уладзімір Пятровіч пажадаў гэтай дружнай сям’і даўгалецця і моцнага здароўя. Было вельмі прыемна пазнаёміцца з фотаздымкамі з сямейнага архіва. Многія з іх з цягам часу змогуць заняць годнае месца ў раённым музеі, бо адлюстроўваюць пасляваенны час раёна, а таксама шляхі-дарогі салдата Вялікай Перамогі — Паўла Паўлавіча Бобава.
В. ПРОНІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий