Зямля – бясцэнны скарб

У сераду прайшло чарговае пасяджэнне райвыканкама. Вёў яго кіраўнік раёна У.П. Даніленка. У рабоце выканкама прымаў удзел намеснік начальніка абласной землеўпарадкавальнай службы С.А. Шкрэдаў. Ягоны ўдзел тлумачыўся тым, што першым пытаннем павесткі дня было акрэслена наступнае: аб захаванні ў Слаўгарадскім раёне зямельнага заканадаўства і мерах па навядзенню парадка на зямлі, уцягненню ў сельгасабарот невыкарыстоўваемых угоддзяў.
З аналізам сітуацыі выступіў начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама У.А. Гайчукоў. Як вынікала з даклада, у раёне назіраецца станоўчая тэндэнцыя па навядзенню парадка на зямлі. На ўзроўні кіраўніка раёна разглядаюцца факты нядбайнага стаўлення да прыродных багаццяў і зямлі найперш. У раёне менш становіцца пустуючых зямельных участкаў. У сельскіх населеных пунктах такія ўчасткі ўводзяцца ў сельгасабарот гаспадарак, непрывабныя пабудовы, пасля таго як прайшлі працэдуру ўстанаўлення нашчадкаў, гэтаксама прыводзяцца ў парадак. Сёння стаў нормай збор бытавых адыходаў у насельніцтва, гаспадаркі раёна распрацоўваюць зарослыя пустазеллем землі і ўводзяць іх у севаабарот. Невыкарыстоўваемых зямель з 2008 года ўведзена ў агульны абарот 537,2 га, на якіх сёння займаюцца раслінаводствам.
У раёне праводзяцца санітарныя дні па навядзенню парадка, функцыянуе штаб па захаванню парадка на зямлі. Але ж і недахопаў яшчэ хапае. У дакладзе крытыкавалася работа па эксплуатацыі ўнутрыгаспадарчых кар’ераў, не на належным узроўні працуюць гаспадаркі і па праграме “Чыстыя палі”, не ўсе гаспадаркі аформілі права на карыстанне зямлёй і г.д.
З дакладамі выступілі: начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя А.В. Рыжанкоў; галоўны санітарны ўрач раёна В.В. Гурскі; старшыня Гіжэнкаўскага сельвыканкама Т.Ф. Мельнікава. Калі рэзюмаваць іхнія выступленні, то ўсе прамоўцы адзначалі наступнае: светапогляд насельніцтва адносна парадка на зямлі паступова мяняецца ў лепшы бок. І калі, скажам, выкінуць смецце з падворка ў кантэйнер стала звычайнай справай, то адыходы з будаўніцтва яшчэ нярэдка можна ўбачыць у лясных масівах. І, як зазначыў А.В. Рыжанкоў, слаўгарадскаму лясніцтву прыйшлося убраць нямала звалак, каб ліквідаваць чыюсьці безгаспадарчасць.
Кіраўнік раёна зрабіў акцэнт на прафілактычнай рабоце сярод насельніцтва. І пачынаць яе трэба з дзіцячых садкоў, калі закладваюцца жыццёвыя каштоўнасці, калі слова выхавацеля, настаўніка, бацькоў для рабят з’яўляецца аўтарытэтным і сяброўскім адначасова. Звярнуў увагу і на выкарыстанне ўрадлівага пласту глебы, які павінен пры пачатку будаўніцтва здымацца. Бо ён аднаўляецца больш за 100 гадоў. Не зняць яго, калі капаецца катлаван пад будоўлю, і не задзейнічаць у гаспадарлівых мэтах – злачынства ў адносінах да прыроды.
С.А. Шкрэдаў звярнуў увагу на такую акалічнасць: зямельныя запасы ў 10 тысяч гектараў, якія з-за чарнобыльскай навалы выведзены з севаабарота, з’яўляюцца спакусай для несанкцыянаванага іх выкарыстання. І трэба адсочваць сітуацыю, каб ніхто не гаспадарыў на іх. Не зусім вынікова працуе раён па ўцягненню ў абарот пустуючых земляў.
Зямля – бясцэнны скарб прыроды. І ад кожнага з нас залежыць, як доўга яна будзе ўрадлівай. Для гэтага патрэбна нямнога – быць гаспадаром на зямлі, пастаянна дбаць пра яе ўрадлівасць. А інакшае стаўленне прывядзе да сур’ёзных праблем.
Усяго на разгляд членаў выканкама выносілася 23 пытанні з жыцця раёна. Па ўсіх прыняты адпаведныя рашэнні.
В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий