Пра выхадныя – больш у маарах

І гэтую аксіёму наўрад ці адмовяць тыя, хто завёў на падворку кароўку альбо каня, мае парсючкоў або авечак, качак, птушак, індычак, трусоў і… пералік гэты можна працягваць. Гаспадарам прыходзіцца рана ўставаць і позна класціся. Бо жыўнасць толькі такіх рупліўцаў аддзячыць на прадуктыўнасць. І тая акалічнасць, што дзяржаўная палітыка сёння скіравана на падтрымку гаспадара, сведчыць і пра тое, што прыватная ўласнасць вітаецца і на вышэйшым узроўні. Не трэба ж скідваць з вагаў, што сваё – яно заўсёды больш дагледжанае і з аддачай цягне на больш высокую прадуктыўнасць. Не бяру пры гэтым у параўнанне сучасныя сельгаскомплексы, дзе працэс вытворчасці адсочваюць камп’ютары, а робаты выконваюць механізаваныя аперацыі. Але ж рукі гаспадара ніхто і ніколі не заменіць. Зрэшты, як і душу, якую ён укладвае ў сваю гаспадарку. За прыкладамі, як кажуць, далёка хадзіць не трэба.
…Раніца аўторка, зрэшты, як і ўвесь дзень, выдаліся дажджлівымі. Але ж на збор малака з прыватнага падворка гэта ніяк не ўплывала. І малаказборшчыца Зоя Браніславаўна Войтава, якая абслугоўвае аграгарадок Ржаўка, вёску Васькавічы, таксама пры справе. Хто сырадой, а хто і вячорку выносяць на продаж. Цікава назіраць, з якім задавальненнем праходзіць гэты працэс. Што характэрна, з абодвух бакоў.
У той дзень малаказборшчыка, калі так можна сказаць, суправаджалі старшыня райсавета дэпутатаў Т. П. Кананчук, старшыня Васькавіцкага сельвыканкама А. В. Плехава, спецыяліст з райплемстанцыі Г. В. Фралова і спецыяліст з райветстанцыі Г. В. Таран. А мэта гэткага «эскорта» была наступная: праз сучасную тэхніку зрабіць аналіз прадаваемага насельніцтвам малака. Прыборы набылі за прэміяльныя ў абласным спаборніцтве па закупу малака ў насельніцтва. Сучасная тэхніка здольная вызначыць не толькі тлустасць малака, а і факт яго фальсіфікацыі вадой. З прыборам гэтым працавала спецыяліст з райветстанцыі, а дубліравала пробы малака праз прабіркі і далейшую апрацоўку спецыяліст з райплемстанцыі. Прыбор адразу, як кажуць, на гара выдаваў якасныя паказчыкі малака, якія тут жа выводзіў на табло і з якімі знаёміліся малаказдатчыкі.
…А дождж усё ішоў, вяскоўцы выносілі малако, яго правяралі, вылівалі ў агульны бітон, і малаказборшчык рухалася на конным «цягніку» ад дома да дома.
Так было ў Ржаўцы, а ў Васькавічах гужавы транспарт змянілі на аўтамабільны. І справы пайшлі хутчэй.
У аграгарадку Ржаўка ў большасці гаспадарак трымаюць па адной кароўцы, а ў Васькавічах, напрыклад, сям’я Драйчуковых трымае 2 каровы. Сын Яўген аж 5 вядзёр малака прадаваў у тую раніцу; а сям’я Калінічэнкаў – аж 6 вядзёр малака. Ганна Іванаўна аказалася гаманкой жанчынай. Яна зараз не працуе. Разам з мужам Станіславам Пятровічам, які працуе пастухом у СВК «Прывольны», нарадзілі 4 дзяцей, ужо двойчы бабуля з дзядулям. Сення на падворку тры каровы, ад якіх штодня прадаюць па 60 літраў малака. За месяц маюць дзесь больш за 4 мільёны рублёў. «Як з сенам?» — задала пытанне Калінічэнкам.
—Няма праблем. За трох цялят, здадзеных у СВК «Прывольны», атрымалі сена. Яго Таццяна Рыгораўна ўжо нам аддала,– такі адказ прагучаў на маё пытанне.
Пабывалі і ў аграгарадку Папоўка. Сустракаліся з прадаўцамі малака. Былі ў іх пытанні да прадстаўнікоў раённай і мясцовай улады, некаторыя вырашаліся на месцы, нейкія патрабавалі прапрацоўкі. На погляд жа дылетанта, якім на той дзень быў аўтар гэтага матэрыяла, ішоў звычайны працэс, якім жыве вёска – рупіцца на сваім падворку, падстаўляючы плячо падтрымкі краіне ў забеспячэнні якаснымі прадуктамі харчавання. І ад гэтага маюць выгоду як адны, так і другія. Да таго ж дадам, што сёння многія падворкі вёсак могуць даць фору і гарадскім падворкам у плане аздаблення жытла.
Як бачым, межы паміж горадам і вёскай усё меней заўважныя. Хаця б адносна інфраструктуры і эстэтыкі. Глядзіш, гэтак калі пойдзе справа, дык жыць на вёсцы стане прэстыжней.
В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий