Праз аналіз кожнага месяца…

Заўтра працаўнікі сістэмы спажывецкай кааперацыі адзначаюць сваё прафесійнае свята. У нас жа з’явілася дадатковая магчымасць пагаварыць пра надзённыя справы сістэмы, якая сёння абслугоўвае не толькі гараджан, а і жыхароў аддаленых і маланаселеных пунктаў. Бо яна заклікана выконваць дзяржаўныя функцыі, з тым каб кожны пакупнік не быў дыскрымінаваны ў плане забеспячэння свайго попыту.
Наша размова са старшынёй праўлення райпа А. І. ТАРАНАВЫМ адбылася напярэдадні свята.
—Анатоль Іванавіч, як стала вядома, вы ўжо правялі ўрачыстасць з нагоды прафесійнага свята. Чым яно адметнае ў бягучым годзе?
—Мы правялі сход з гэтай нагоды на мінулым тыдні, бо так склаліся абставіны. Сказаць, што яна чымсьці кардынальна змянілася, гэта не будзе праўдай. Падвялі вынікі, якія, дарэчы, падводзім штомесяц з удзелам шырокага кола спецыялістаў. Што гэта нам дае? А тое, што мы праз аналіз нашай дзейнасці вызначаем слабыя месцы і выпрацоўваем стратэгію па іх вырашэнню. На святочным мерапрыемстве ўручылі прэміі. Праўда, не выключана была пры гэтым сістэма дыферэнцыяцыі. Адзначу, што сямі нашым працаўнікам прысвоілі званне “Заслужаны ветэран працы калектыва” з уручэннем ім прэміі ў размеры трох базавых велічынь. Назаву іх прозвішчы. Гэта С. У. Кулікоў – прадавец з вёскі Вялікая Зімніца; Н. І. Анішчанка – кухонная рабочая сталоўкі СШ №1; В. А. Гарадзецкая – майстар-кухар сталоўкі СШ №2; Т. А. Кузьменка – буфетчыца магазіна “Сож”; Л. І. Мельнікава – кандытар кандытарскага цэха; Л. С. Тугалукава – прадавец “Універмага”; М. А. Чырэц – начальнік сектара цэн і кан’юктуры рынка.
—Анатоль Іванавіч, прагноз – гэта лакмусавая паперка вытворчых спраў суб’екта гаспадарання. Наколькі яна “сігналіць” пра поспехі сістэмы райпа?
—Няблага. Мы выконваем прагнозныя паказчыкі па тавараабароту лічы што пастаянна. Вось і за паўгоддзе заданне па гэтаму паказчыку ў 105,5 працэнта мы выканалі. Чэрвень склаўся нават крыху і лепей – 105,8 працэнта.
—А скаргі паступаюць у адрас сістэмы?
—Не выключана. Але ж гэта рэдкая практыка, бо пастаянна праводзім вучобу з працаўніцамі. І не толькі ў плане захавання асартыментнага пераліку, большы ўхіл робім пры гэтым на культуру абслугоўвання. Бо ведаем, там, дзе прадавец аднойчы дапусціў няўвагу да пакупніка, не кажучы пра аблік, туды ўжо не пойдзе чалавек.
—Цікава, наколькі востра стаіць кадравая праблема?
—Вастрыня гэта адчуваецца ў працаўніках масавых прафесій – прадаўцоў і кухараў. Сёлета да нас прыйдуць працаваць 3 спецыялісты з вышэйшай адукацыяй і 4 – прадаўцы. Усе яны мясцовыя, таму ёсць спадзева, што, закончыўшы вучобу, надоўга прапішуцца ў нашых шэрагах.
—А калі сёлетнія выпускнікі вырашаць паступаць па вашаму профілю. Руку дапамогі працягнеце?
—Абавязкова. Раіў бы падумаць над прапановай паступіць у Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажыўкааперацыі, які знаходзіцца ў Гомелі. Гэтаксама ў тым жа горадзе ёсць гандлёва-эканамічны каледж, такі ж ёсць і ў Магілёве. Мы дадзім накіраванне. А гэта гарантуе падчас вучобы інтэрнат і стыпендыю. Няблага, лічу, для сямейнага бюджэту нашых будучых студэнтаў.
—Не абыйду ўвагай і такую тэму як заробак. Колькі сёння атрымоўвае прадавец?
—Сярэдні заробак за 5 месяцаў бягучага года склаўся ў 1938 тысяч рублёў. Усё залежыць ад таго, як складваецца тавараабарот па магазіну, у якім працуе той прадавец. Таму такая градацыя заробка як 1 мільён і 3 мільёны рублёў – рэч з рэальнасці.
—Анатоль Іванавіч, раней, помніцца, кніжны магазін і спартыўных тавараў былі мала што ні элітарнымі ў сваім запатрабаванні. Няўжо не чытаем і не займаемся спортам?
—Я не адказаў бы так адназначна на ваша пытанне. Пакуль, мяркуючы па маніторынгу, мы забяспечваем попыт жыхароў раёна на першае і другое. Адпаведныя аддзелы ва ўнівермазе сёння функцыянуюць. Калі ўзнікне пытанне больш востра – будзем яго вырашаць. Так бы мовіць, па меры ўзнікнення праблемы.
—Напрыканцы вось такое пытанне: колькі ў раёне крамаў і ці плануецца іхнюю колькасць павялічваць?
—У раёне функцыянуе 53 магазіны, у жніўні бягучага года плануем увесці ў строй магазін у раёне новабудоўляў. Па падабенству “Роднага кута”, які працуе ля лазне-аздараўленчага комплекса. У гэтым плане хачу адзначыць ролю кіраўніка раёна У. П. Даніленкі, які не толькі зацікаўлены ў тым, каб задаволіць попыт насельніцтва, а дапамагчы ў вырашэнні нашых праблем.
—Ёсць што сказаць сваім калегам?
—Канешне. Хачу павіншаваць працуючых, не ў меншай ступені і ветэранаў кааперацыі. Дзякуй усім за шчырую працу, за вопыт, за разуменне важнасці справы, якой прысвяцілі сваё жыццё. Жадаю ўсім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту. Няхай у нашага калектыва ўсё складваецца найлепшым чынам.
—Дзякуй за размову. Са святам Вас і Вашых калег.
Правяла В. УЛАДЗІМІРАВА

Добавить комментарий