У эпіцэнтры ўвагі – прыватны падворак

Чарговая сесія райсавета дэпутатаў прайшла ў пятніцу мінулага тыдня. На павестку дня выносілася 7 пытанняў, якія патрабавалі зацвярджэння дэпутацкім корпусам. У эпіцэнтры ўвагі дэпутатаў і запрошаных на сесію, а імі былі: кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, старшыні сельвыканкамаў — знаходзілася праграма развіцця і падтрымкі прыватных падсобных гаспадарак раёна на 2011-2015 гады. У рабоце сесіі прыняў удзел кіраўнік раёна У. П. Даніленка.
Старшыня райсавета Т. П. Кананчук вяла работу сесіі. З аналізам выканання вышэйназванай праграмы за 2011 год выступіў намеснік начальніка райсельгасхарчу М. С. Тарасёнак. Са справаздачы вынікала, што пытанню развіцця прыватнага падворка ў нашым раёне надаецца пэўная ўвага. Таму падставай з’яўляецца і той факт, што ў 2010 годзе ў раёне была зацверджана праграма падтрымкі прыватнай гаспадаркі на перыяд 2011-2015 гады. Адпаведна ўсе сельвыканкамы выпрацавалі мерапрыемствы па рэалізацыі гэтай праграмы. Прайшоў год. Вынікі яго паказалі, што за 2011 год удзельная вага прыватнага падворка ў валавай вытворчасці ва ўсіх катэгорыях гаспадарак склала амаль 40 працэнтаў. Усё гэта стала магчымым дзякуючы комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на дапамогу прыватніку. Ільвіную долю пры гэтым на сябе бяруць сельгасарганізацыі. З насеннем, угнаеннем, кармамі, тэхнікай, утрыманнем пашаў і г.д.
стотную работу па падтрымцы прыватнага падворка праводзіць фонд “Адраджэнне-АГРА”. Ягоныя фінансавыя пазыкі – добры шанц набыць не только жыўнасць, а і сельгастэхніку, прылады да яе.
Праграмай прадугледжана 7 асноўных паказчыкаў. Па двух з іх толькі склалася выкананне за мінулы год. Напрыклад, па вытворчасці бульбы прыватны сектар на 21,6 працэнта выканаў заданне да 2010 года, агародніны – на 76,7. Вытворчасць малака склалася на ўзроўні 80,4 працэнта да мінулага года, у той жа час закуп малака ў насельніцтва — 108,9 працэнта. Каб стымуляваць продаж малака, у раёне дзейнічаюць умовы спаборніцтва. За мінулы год пераможцамі сталі: Лапаціцкі і Васькавіцкі сельвыканкамы, СВК “Лясная” і «Прывольны». Раён па выніках адпаведнага абласнога спаборніцтва стаў лідарам і атрымаў прэмію ў размеры 300 базавых велічынь. Прэміяльныя “пайшлі” на набыццё двух прыбораў для вызначэння якасці малака.
У дакладзе знайшлі адлюстраванне недапрацоўкі, якія паўплывалі на невыкананне даведзеных заданняў. А той факт, што ў раёне зніжаецца колькасць прыватных гаспадарнікаў і адпаведна ўсё менш становіцца ахвочых працаваць на зямлі, выклікаў дыскусію.
Пра гэта гаварылі ў сваіх выступленнях: С. С. Байцоў, старшыня Лапаціцкага сельвыканкама; У. А. Гайчукоў – начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама; Л. С. Цянькова – намеснік старшыні праўлення райпа; І. І. Мятлікаў – старшыня СВК “Заранскі”, Т. І. Цвярдоўская – стараста вёскі Рудня.
Кіраўнік раёна выказаў сваё бачанне па выкананню вышэйназванай праграмы, акцэнтуючы ўвагу на тым, што падтрымка прыватнага падворка па-ранейшаму застаецца прыярытэтнай у раёне. І гэтая тэндэнцыя хіба толькі будзе ўзмацняцца і карэкціравацца ў бок плённасці і выніковасці. Дабрабыт чалавека, які дасягаецца ўласнымі рукамі, ці не гэта галоўная задача па акрэсленай тэматыцы. І на вырашэнне яе ў раёне будзе створана спрыяльная глеба.
В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий