ЧАЛАВЕК ПРАЦАЙ СЛАЎНЫ

Наталля Аляксееўна ШАМАЛАВА ў бібліятэчнай сетцы раёна працуе больш за пятнаццаць год. Гэты чалавек апантаны сваёй працай і ўпэўнена сцвярджае, што, нягледзячы на тое, што тэлебачанне, сусветная павуціна трывала ўвайшлі ў жыццё кожнага з нас, кніга не губляе сваёй актуальнасці і працягвае заставацца нашым нязменным сябрам . Гэткую думку яна кожны дзень даносіць сваім чытачам – і малым, і дарослым.
Наталля Аляксееўна сама даволі многа чытае і па жыцці крочыць з кнігай, ад таго шмат чаго ведае і з’яўляецца цікавай суразмоўцай.
Нарадзілася Наталля Аляксееўна ў Слаўгарадзе. Пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума ў 2006 годзе вярнулася працаваць у раён. Сваю прафесійную дзейнасць пачынала ў Рэкцянскай бібліятэцы. У вёсцы спаткала сваю палавіну – Генадзя. Маладыя ажаніліся, нарадзілі і выхоўваюць дзетак. Іх – двое. Старэйшай, Альбіне, — 13 год. Вычыцца ў СШ №2 і дэманструе выдатныя здольнасці ў вучобе. Актыўным чынам ўдзельнічае ў грамадскім жыцці школы, неаднаразова вынікова заяўляла пра сябе на прадметных алімпіядах. Маленькі Антон ходзіць у дзіцячы садок і вельмі любіць, калі матуля чытае яму казкі або апавяданні.
Апошнія гады Наталля Аляксееўна працуе бібліятэкарам у Лапаціцкай сельскай бібліятэцы. Новых чытачоў яна здольная запаліць і захапіць чытаннем, прывівае ім любоў да кнігі. З пастаяннымі ж чытачамі разам абмяркоўваюць прачытаную кнігу, пасля чаго Наталля Аляксееўна абавязкова сарыентуе наведвальніка ў кніжнай разнастайнасці і параіць менавіта тое, што будзе адпавядаць густу і інтарэсам чытача. Шмат цікавых і развіваючых мерапрыемстваў бібліятэкар праводзіць з дзіцячай аўдыторыяй. Скіраваны яны на патрыятычнае, духоўнае, экалагічнае, працоўнае, эстэтычнае развіццё падлетка. Пашанцавала Наталлі Аляксееўне і з напарніцай-аднадумцай, таксама бібліятэкарам Святланай Уладзіміраўнай Ефіменка. Іхні прафесіянальны тандэм пульсуе на выніковую работу і дэманструе высокія вынікі. Па выніках мінулага года Лапаціцкая бібліятэка ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшую работу бібліятэк аграгарадкоў заняла другое месца. А ў раённым конкурсе яна была пераможцай, за што ўзнагароджана Ганаровай граматай.
Тэкст і фота Святланы БЯЛЯЕВАЙ.
зав

Добавить комментарий