Пяцьдзясят пявучых вёснаў

Няма нічога ў свеце каштоўней повязяў, якія злучаюць чалавека з чалавекам. Калі мужчына і жанчына вырашаюць назаўсёды аб’яднаць свае сэрцы, жыцці і лёс – узнікае сям’я. Сямейнае жыццё – цэлая навука, якая дае адказы на пытанні, як адаптавацца ў сямейнай абстаноўцы, як папярэдзіць канфліктныя сітуацыі, як весці гаспадарку, стварыць утульнасць і захаваць атмасферу цеплыні і дабра.
Праз шмат гадоў наступае дзень, калі можна падвесці нейкую рыску, азірнуцца назад і ўспомніць аб маладосці, аб тым, як раслі дзеці, радавалі сваімі поспехамі і спадзяваліся на дапамогу пры няўдачах. Такім днём лічуць вясельны юбілей, бо ў жыцці сямейных людзей кожны пражыты год пакідае свае ўспаміны і радасныя падзеі.
Сваё залатое вяселле святкуюць 17 ліпеня нашы родныя бацькі – Надзея Васільеўна і Цімафей Барысавіч Самусевы. Роўна 50 гадоў яны побач, пяцьдзясят снежных зім і пявучых вёснаў дзеляць радасць і гора. За іх плячыма – багаты жыццёвы вопыт, дзеці, унукі, праўнукі.
Маладосць… Як даўно гэта было. Разам сустракалі світанне ўлетку, а познімі восеньскімі вечарамі гулялі дацямна ў пасёлку.
Надыйшло лета 1962 года, яно і стала вянчальным ў жыцці маладых. Вяселле прыпала на 17 ліпеня.
Працаваць нашы бацькі прывыклі яшчэ змалку, таму і работы не баяліся, тым больш што ва ўмелых руках яна спорылася. Бацька працаваў у калгасе “Жалезінскі” усё сваё жыццё трактарыстам. За добрую працу неаднаразова быў узнагароджаны медалём і ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай Рэвалюцыі.
Маці таксама ўсё жыццё працавала ў калгасе “Жалезінскі” даяркай. Не адзін год яна разам са сваёй сястрой, Старавойтавай Вольгай Васільеўнай, падымаліся на п’едэстал перадавікоў раёна. У іх былі самыя найвышэйшыя паказчыкі па надою малака. Бацька сам пабудаваў хату. Тут і нарадзіліся дзеці. Нашы бацькі выгадавалі пяцёра дзяцей. Ва ўсіх іх ёсць свае сем’і. На жаль, усе мы раз’ехаліся ў розныя куткі былога Савецкага Саюза. Але святло сямейных адносін, прасякнутых водарам цёплых матчыных рук, добрых бацькавых парад, захаваліся ў нашых сэрцах на ўсё жыццё.
Хочацца сказаць нашым дарагім бацькам словамі з песні:
“Дорогие мои старики, дайте я вас сейчас поцелую.
Молодые мои старики, мы ещё повоюем!»
Ад імя нашай вялікай сям’і Ірына ГАРЭЛІКАВА,
дачка юбіляраў.

Добавить комментарий