У адказ – грубіянства!

Чарговае пасяджэнне раённай камісіі па справах непаўналетніх прайшло ў зале пасяджэнняў аддзела адукацыі ў мінулую сераду. Традыцыйна ў рабоце прымалі ўдзел: члены камісіі, прадстаўнікі працоўных, педагагічных калектываў, сельвыканкамаў, якія маюць дачыненне да правапарушальнікаў. Вяла работу камісіі намеснік старшыні КСН В. С. Касьміна.
У першай частцы пасяджэння былі падведзены вынікі ў разрэзе непаўналетняй злачыннасці за першы квартал. Быў зроблены параўнаўчы аналіз з аналагічным перыядам года мінулага. Як вынікала, непаўналетнія правапарушальнікі ў раёне не вызначаліся “арыгінальнасцю” і значна статыстыку не змянілі. Працэнт пакрыцця запазычанасці абавязанымі асобамі па Дэкрэту №18 блізкі да абласнога. Аб рабоце, якая вядзецца ў накірунку стабілізацыі сітуацыі з непаўналетняй злачыннасцю, у сваіх прамовах распавялі прадстаўнікі міліцыі, сацыяльнага прытулку, іншых службаў.
Выснова была адна: зроблена нямала, але трэба зрабіць яшчэ больш. З гэтым пагадзіліся ўсе члены раённай камісіі. Далей, так бы мовіць, ад часткі тэарэтычнай пасяджэнне “перацякло” у практычную.
Разглядалася пратаколаў нямнога, але кожны з іх вымушаў глыбока задумацца аб жыццёвых каштоўнасцях, прыярытэтах кожнага з нас. Бо тыя струны, якія дамінуюць у некаторых няўдалых сем’ях, мякка кажучы, выдаюць не зусім мажорныя інтанацыі, а недзе нават ставяць пад пагрозу здароўе, псіхічнае і фізічнае развіццё непаўналетніх.
Разглядалася жанчына, дзеці ў якой былі адабраныя з-за (учытайцеся !) антысанітарыі. Навідавоку, зразумела, і іншыя парушэнні. Але яна, хочацца верыць, узялася за розум і ўжо зрабіла першыя крокі па выпраўленню становішча.
Рэзанансным стаў пратакол у дачыненні непаўналетняга, які аблаяў гандлярку кафэ, што на гарадскім возеры. Як сведчылі ў адзін голас яго “кампаньёны”, падлетак у грубай форме, выкарыстоўваючы ненарматыўную лексіку, выясняў адносіны з жанчынай. У выніку яго маці аддасць з сямейнага бюджэту 200 тысяч рублёў.
Спадзяюся, гэты артыкул прачытаюць і тыя непаўналетнія, якія не грэбуюць матам, грубіянствам у адносінах да дарослых. Ведайце, што ёсць на кожны ваш такі выпад адэкватныя меры ўздзеяння. І акрамя пастаноўкі на ўлік у камісію па справах непаўналетніх вашы бацькі яшчэ і заплоцяць некалькі базавых!
Гучала і тэма алкагольнай экспансіі на наша насельніцтва. Асабліва яна закранула некаторых асоб, якія з-за бакала таго ж піва забываюць пра бацькоўскія абавязкі, і дзеці застаюцца ў садку да глыбокага вечара, пакуль у міліцыю не паступіць сігнал.
Ведаеце, складваецца ўражанне, што свет перавярнуўся. Дзе мараль, дзе каштоўнасці?! Чаму члены камісіі па справах непаўналетніх павінны выконваць, на першы погляд, звычайныя бацькоўскія абавязкі? Адвучаць ад алкаголю, адсочваць, каб дзеці былі накормлены? Не разумею…
Ул. ВАСІЛЬЕЎ

Добавить комментарий