У склад акруговых выбарчых камісій Беларусі ўключаны 1 430 чалавек

Аб гэтым 11 ліпеня журналістам паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Беларусі Мікалай Лазавік.
У працэнтных суадносінах у склад выбарчых камісій ад грамадзян шляхам падачы заяў увайшлі 409 чалавек, або 28,6 працэнта ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў, ад працоўных калектываў — 146 чалавек, або 10,2 працэнта, ад палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў — 875 чалавек, або 61,2 працэнта. У тым ліку ад партый — 214 чалавек, што складае 15 працэнтаў.
Мікалай Лазавік адзначыў, што ў параўнанні з мінулымі парламенцкімі выбарамі, якія адбыліся ў Беларусі ў 2008-м, у гэтым годзе ў склад акруговых камісій увайшло больш прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў — прыкладна ў два разы. “Што датычыцца апазіцыйных партый, то ў гэтым годзе ў склад акруговых камісій увайшло 25 працэнтаў ад агульнай колькасці вылучаных імі кандыдатаў”, — праінфармаваў Мікалай Лазавік.
Сакратар Цэнтрвыбаркама лічыць неабгрунтаванымі выказванні некаторых апазіцыйных палітыкаў наконт таго, што ў Беларусі не адбылося лібералізацыі выбарчага працэсу. Так, у гэтым годзе ў складзе акруговых камісій наогул няма прадстаўнікоў органаў, іх фарміруючых, — выканкамаў, абласных Саветаў дэпутатаў, падкрэсліў сакратар Цэнтрвыбаркама. Усе камісіі сфарміраваны па максімальна магчымаму колькаснаму складу — 13 чалавек.
Мікалай Лазавік прывёў статыстыку адносна таго, якая колькасць прадстаўнікоў уключана ў склад акруговых камісій ад кожнай партыі, грамадскага аб’яднання:
Беларуская аграрная партыя — 19 чалавек, або 1,3 працэнта ад агульнай колькасці членаў акруговых выбарчых камісій;
Беларуская партыя “Зялёныя” — 1 чалавек, або каля 0,1 працэнта;
Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” — 27 чалавек, або 1,9 працэнта;
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 3 чалавекі, або 0,2 працэнта;
Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя — 16 чалавек, або 1,1 працэнта;
Камуністычная партыя Беларусі — 77 чалавек, або 5,4 працэнта;
Аб’яднаная грамадзянская партыя — 7 чалавек, або 0,5 працэнта;
Партыя “Беларускі народны фронт” — 12 чалавек, або 0,8 працэнта;
Рэспубліканская партыя — 12 чалавек, або 0,8 працэнта;
Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці — 39 чалавек, або 2,7 працэнта;
Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды — 1 чалавек, або каля 0,1 працэнта;
Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” — 106 чалавек, або 7,4 працэнта;
Грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” — 86 чалавек, або 6 працэнтаў;
Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў — 82 чалавекі, або 5,7 працэнта;
ФПБ — 206, або 14,4 працэнта;
іншыя грамадскія аб’яднанні — 181 чалавек, або больш за 12,5 працэнта.
Мікалай Лазавік дадаў, што з усіх зарэгістраваных у Беларусі палітычных партый не прымалі ўдзел у вылучэнні кандыдатаў у акруговыя камісіі толькі дзве — Беларуская патрыятычная партыя і Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, якую ўзначальвае Зянон Пазняк. Не вылучыў сваіх прадстаўнікоў і Беларускі саюз жанчын.
На маючых адбыцца парламенцкіх выбарах будзе працаваць 110 акруговых камісій, у тым ліку ў Мінску — 20, у Мінскай і Гомельскай абласцях — па 17 камісій, у Брэсцкай — 16, у Віцебскай — 14, Магілёўскай і Гродзенскай — па 13 акруговых выбарчых камісій.
БелТА.

Добавить комментарий