Ці пойдзе на карысць?

У раёне не спыняецца, так бы мовіць, выхаваўчая работа з сем’ямі, якія свае бацькоўскія абавязкі ставяць на апошняе месца ў жыццёвых прыярытэтах. Шматлікія камісіі ўсіх узроўняў, праверкі, адабранні, пасяджэнні, дні прафілактыкі, несумненна, маюць карысць і нават нярэдкай з’явай можна лічыць, калі дзетак з сацыяльнага прытулку в. Новая Слабада вяртаюць у біялагічныя сем’і. Але маюцца і выпадкі, калі ні пагрозы, ні просьбы не ўспрымаюцца адэкватна.
Адным з такіх стала судовае пасяджэнне, якое адбылося на гэтым тыдні. Раглядалася справа па пазбаўленню маці бацькоўскіх правоў на сына. На двух старэйшых дзяцей, дарэчы, яна ўжо пазбаўлена.
Не будзем пералічваць прад’яўленыя да гора-маці прэтэнзіі з боку розных службаў: міліцыя, аддзел адукацыі, камісія па справах непаўналетніх і шэраг іншых. Не хочацца займаць час. Адно вынікае, што жанчына гэтая, якая і з алкаголем у сябрах, пад прымусам вышэйназваных органаў прафілактыкі ўжо некалькі гадоў не можа стварыць для сына нармальных умоў для жыцця і развіцця. Улічваючы, што і сын з разраду дзяцей складаных, яму больш патрабуецца ўвага маці, яе цеплыня, апека. Замест таго яна бавіць час, за шклянкай не гарбаты, а ўжо потым і пра сына ўспомніць. Але бывае часцяком, што “а ўжо потым” бывае позна. Як, у прыватнасці, і на гэты раз.
Судом было прынята рашэнне пазбавіць грамадзянку Ц. бацькоўскіх правоў на сына. А адсюль і праблем, абавязкаў, неабходнасці элементарнага выканання свайго жаночага прызначэння – выхавання дзіцяці.
На судзе прысутнічалі і іншыя “асобы жаночага полу”, якія ўсім сваім выглядам нагадвалі шахцёраў, якія выйшлі з забоя. Але тут хутчэй падыходзіць рыфма. З імі таксама была праведзена прафілактычная размова. А адну (услухайцеся!) прыйшлося супрацоўнікам міліцыі дастаўляць на медыцынскую экспертызу на прадмет п’янства. Нават у суд гэтыя “элементы” не саромяцца прыйсці “пад шафэ” . Аб чым з імі размаўляць? Які прыклад яны даюць сваім дзецям?
Складана заўсёды рабіць рэзюмуючую частку. Не маем права навязваць свой пункт гледжання. Але ж такую думку выказаць хочацца: цэлая армія спецыялістаў траціць рабочы час, свой час на іх выхаванне, апеку. Замест таго, каб выконваць свае абавязкі перад сваімі дзецьмі, сем’ямі. А ці ацэнена гэта будзе?
А. АКСЁНАЎ,
пракурор раёна,
В. РЫЖАНКОЎ.

Добавить комментарий