Лепей раз убачыць ..

.
Дзейнасць раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа ў дадатковай папулярызацыі не мае патрэбы. Усё, што гэтая дабрачынная арганізацыя робіць, адлюстроўваецца і ў раёнцы. Не кажучы пра такую акалічнасць як актывізацыя ўвагі да людзей, якім патрэбна дапамога. Іншым разам і на ўзроўні чалавечых зносін, ад чаго сталыя людзі больш за ўсё перажываюць. Пра слаўгарадскіх валанцёраў Чырвонага Крыжа добра адгукаюцца і на абласным чырвонакрыжаўскім узроўні. Вядомая справа, калегі па міласэрнаму цэху з іншых раёнаў цікавяцца здабыткамі слаўгарадчан. І не только завочна.
На бягучым тыдні ў наш раён завітала дэлегацыя з Быхаўскага раёна. Валанцёраў з групы “Добрыя сэрцы” сустракалі члены прэзідыўма на чале з ягоным старшынёй С. А. Езерскай, намеснікам старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа М. У. Даніленка, валанцёры з групы “Спадчына”. Цёплы абмен прывітаннямі перарос у абмен першымі ўражаннямі ад Слаўгарада. Затым адбылася экскурсія па гораду, якую правяла галоўны спецыяліст ідэалагічнага аддзела райвыканкама Т. М. Бабічава. У выніку — хвіліна маўчання ля помніка афганцам, дзе ўшанавалі памяць загінуўшых; у чарнобыльскім парку гэткая ж цырымонія адбылася ў памяць аб ахвярах чарнобыльскай катастрофы. Гарадскі парк уразіў гасцей сваёй гісторыяй, царква – велічнасцю і духоўнай моцай, а краявіды, якія адкрываюцца ля якара, паводле выказванняў гасцей, бралі за жывое.
Далей знаёмства з раёнам праходзіла ў аграгарадку Лясная. Наведванне царквы, музея дазволіла гасцям асэнсаваць па-новаму, як яны зазначалі, гістарычнасць слаўгарадскай зямлі.
Кульмінацыяй мерапрыемства, а лепей сказаць справаздачай аб дзейнасці слаўгарадскіх і быхаўскіх валанцёраў, стаў тэматычны канцэрт. Напачатку госці праз цікава пабудаваны сцэнарый давялі, наколькі “Добрыя сэрцы” запатрабаваны ў сваім раёне. Было прыемна пазнаёміцца з людзьмі, якія і ў 80 год не спыняюцца рабіць добрыя справы. Справаздача аб дзейнасці “Спадчыны” прайшла ў іншым фармаце і адлюстравала набыткі валанцёрскага руху за апошні час. А выканаўчае майстэрства самадзейных артыстаў раённага цэнтра культуры ацанілі госці пры падвядзенні вынікаў, даючы яму высокую адзнаку.
Пабывалі быхаўчане і на “Блакітнай крыніцы”, падмацавалі сваё здароўе, запасліся гаючай вадой і былі прыемна ўражаны ад такой Боскай благадаці на слаўгарадскай зямлі.
Дзень той быў вельмі насычаным на мерапрыемствы, развітанне праходзіла ў атмасферы шчырага сяброўства. Яно інакш і не магло быць. Бо тыя, хто аддае сябе справе міласэрнасці, аб’яднаны агульным духам, па іншаму ўжо не прадстаўляюць сваё жыццё. Такія людзі не здольныя на зло, на раўнадушша і абыякавасць. Яны – асаблівыя, бо яны ахвяруюць сваімі сіламі і часам, каб быць карысным іншым.
В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара

Добавить комментарий