Плюс 1153 тоны


Сёлетняе жніво хлебаробаў СВК “Прывольны” парадавала. Праўда, для гэтага давялося папрацаваць і на пасяўной, і на доглядзе хлебнай нівы як след. І, як зазначыла старшыня гаспадаркі Т.Р. Кухарава, менавіта дзякуючы высокай адказнасці ўсіх, хто мае дачыненне да хлеба, намалоты гэтага года маюць высокую валоўку.
Закончылі жніво ў гаспадарцы 20 жніўня. Намалацілі хлеба 5597 тон, у мінулым годзе – 4444 тоны. Добрай выйшла на круг і ўраджайнасць – 41,4 цэнтнера. 5 камбайнавых экіпажаў былі задзейнічаны на ўборцы хлеба. Паводле ацэнкі старшыні гаспадаркі і галоўнага агранома А. У. Кухарава, усе камбайнеры працавалі з высокай аддачай, не лічачыся з часам і ўзнікаючымі праблемамі, звязанымі з надвор’ем. І вынік не прымусіў сябе чакаць. На сёння СВК “Прывольны” лідзіруе ў раёне. Як па тэмпах, так і па намалотах. У мінулую сераду да хлебаробаў “Прывольнага” завітала агітбрыгада на чале са старшынёй райсавета дэпутатаў Т. П. Кананчук і начальнікам ідэалагічнага аддзела райвыканкама А. М. Шаўцовай, старшынёй Васькавіцкага сельвыканкама А. В. Плехавай, каб павіншаваць з заканчэннем у гаспадарцы жніва. Цёплыя словы гучалі ў адрас старшыні гаспадаркі, камбайнераў і вадзіцеляў, якія ў аптымальныя тэрміны і пры высокай якасці правялі ўборачную кампанію.
Т. П. Кананчук, старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь”, уручыла перадавікам жніва каштоўныя падарункі, райкам прафсаюза работнікаў АПК – прэміі, а самадзейная артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці разам са сваімі калегамі з Васькавіч і Ржаўкі наладзілі імправізаванае свята “Дажынкі”. Праз павязванне пунсовых стужак “Лідар жніва-2012”, праз цудоўныя здравіцы ў адрас хлебаробаў неўпрыкмет праляцеў час. Дый ім не злоўжывалі арганізатары, бо камбайны зараз працуюць на прысядзібных участках вяскоўцаў. Дарагая кожная пагодная хвіліна. Дзень-два і гэты ўчастак работы будзе зняты з павесткі дня.
Старшыня гаспадаркі падзякавала за ўвагу да людзей працы, за цёплыя словы ў адрас кіруючага эшалона гаспадаркі, а затым падараваным ёй караваем пачаставала рупліўцаў хлебнай нівы падначаленай ёй гаспадаркі.
В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий