З плюсам атрымалася жніво


У СВК “17 партз’езд” уборачная кампанія завяршылася. З гэтай нагоды на мехдвары гаспадаркі ў сераду прайшла цырымонія ўшаноўвання хлебаробаў. Старшыня гаспадаркі Л. М. Пасяленцава атрымала ад удзельнікаў агітбрыгады па правядзенню “Дажынак” каравай, які сімвалізаваў сабой руплівую працу хлебаробаў. Для працаўнікоў СВК “17 партз’езд” сёлетняе жніво склалася больш паспяхова, чым у мінулым годзе. Прыплюсавалі ў валоўцы па зерню 300 тон, а ўсяго сабралі 3400 тон. Сярэдняя ўраджайнасць па гаспадарцы склала 37 цэнтнераў з гектара. 4 зернеўборачныя экіпажы працавалі на жніве і ўсе, як зазначыла старшыня гаспадаркі, праявілі сябе адмысловымі працаўнікамі, радзеючы за кожны кілаграм хлеба. У выніку і заробкі ў некаторых з камбайнераў пацягнулі на 2 тысячы долараў.Так бы мовіць, па працы і заробак. Добрых слоў заслужылі і вадзіцелі, якія адвозілі зерне ад камбайнаў.
Свята “Дажынкі” доўжылася непрацяглы час. Яно і зразумела. Яшчэ “соткі” вяскоўцаў патрэбна ўбіраць. Дзякаваць Богу, надвор’е таму спрыяе.
Хлебаробаў віталі з працоўнай перамогай: начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама А. М. Шаўцова, старшыня Васькавіцкага сельвыканкама А. В. Плехава, старшыня гаспадаркі.
Шчырай песняй, якая ўслаўляла працу хлебароба, закончылі свята жніва самадзейныя артысты РЦК і НТ, аграгарадка Ржаўка і Васькавіцкага сельскага клуба.
В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара

Добавить комментарий