Дзеці – галоўны яе здабытак

Вёска Кабіна Гара. Выбіраем падворак на конкурс. Балазе іх нямала. Гэта радуе. Але ж неяк члены журы лічы ў адзін момант спыняюць свой позірк на падворак Ніны Раманаўны Андросавай.
Старшыня сельвыканкама дае невялічкае дасье на гаспадыню. Яна інвалід першай групы, дзесь 4 гады як хваробай прыкавана да ложка. Яе муж памёр даўно. Працавала на мясцовай ферме. А далей гучала інфармацыя, якая парадавала. Вельмі і вельмі. У Ніны Раманаўны чацвёра дзяцей. Дзве дачкі пражываюць у Расіі, адна – у Мінскай вобласці, сын – у Слаўгарадзе. Дзеці – яе галоўнае шчасце. Бо яны не забываюць пра матулю ні на дзень. Кожная з дачок забірае матулю на час, які яна захоча, да сябе. А сын давёў падворак матулі такім чынам, што, здаецца, у гэтым доме менш за ўсё месца праблемам. Але ж яны ёсць, бо хварэе дарагі для дзяцей чалавек. Ад гэтага не могуць не балець іхнія сэрцы, як і матуліна ва ўнісон.
Шкада, што не атрымалася праз фотаздымак паказаць мужную жанчыну, якая змагаецца з хваробай. Але ж тое, што яна так выхавала сваіх дзяцей, вартае павагі і нізкага паклона.
Ведаеце, можна ўспамінаць шмат тэорый і метадаў выхавання пры гэтым. Але ж сакрэт гэтай жанчыны просты – яна жадала бачыць сваіх дзяцей добрымі і спагадлівымі. Ёй гэта ўдалося. І сёння яна шчаслівая ад таго, што яе дзеці заўсёды поруч. І хочацца, каб Бог пачуў малітвы дзяцей за сваю матулю, як колісь яна малілася за іх, дый і сёння, упэўнена, моліцца ад усяго шчырага сэрца 78-гадовая Ніна Раманаўна Андросава.

Добавить комментарий